Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Харкаўшчыне ад акупацыі расейцамі вызвалілі завод у Ваўчанску. У апэрацыі ўдзельнічалі беларускія добраахвотнікі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Ваўчанск падчас бамбардаваньня расейскімі войскамі, 28 траўня 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Ваўчанск падчас бамбардаваньня расейскімі войскамі, 28 траўня 2024 году

24 верасьня галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны паведаміла пра вызваленьне ад акупацыі расейскімі войскамі агрэгатнага заводу ў горадзе Ваўчанск на Харкаўшчыне. У апэрацыі ўдзельнічалі падразьдзяленьні беларускіх добраахвотнікаў.

Паведамляецца, што «ў выніку надзвычай складанай і пасьпяховай апэрацыі» ўдалося зьнішчыць акупантаў і цалкам вызваліць тэрыторыю Ваўчанскага агрэгатнага заводу (усе 30 будынкаў). Таксама падчас апэрацыі байцам удалося ўзяць палонных для далейшага абмену палоннымі.

Удзел у вызваленчай апэрацыі ўзялі спэцыяльныя групы галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны: «Стугна», «Парагон», РДК, «Юнгер», БДК, «Тэрор», гаворыцца ў паведамленьні. Апошнія два, Беларускі добраахвотніцкі корпус (БДК) і «Тэрор», — беларускія падразьдзяленьні добраахвотнікаў.

Яны вялі кантактныя баі з расейскімі вайскоўцамі «ва ўмовах шчыльнай забудовы», часам уступаючы зь імі ў рукапашны бой, гаворыцца ў паведамленьні. Пры гэтым расейскія вайскоўцы бесьперапынна выкарыстоўвалі супраць іх «значную колькасьць артылерыі, ударных дронаў-камікадзэ, кіраваных авіябомбаў і цяжкія агнямётныя сыстэмы „Сонцапёк“».

  • Ваўчанскі агрэгатны завод — галоўны стратэгічны аб'ект у горадзе Ваўчанску Харкаўскай вобласьці, які расейцы захапілі ў траўні падчас наступу на Харкаўшчыне.
  • На пачатку траўня 2024 году расейцы пайшлі ў паўторны наступ на поўначы Харкаўскай вобласьці. Тады ж расейскія войскі пачалі атачаць Ваўчанск, горад з даваенным насельніцтвам амаль у 17 тысяч чалавек.
  • У жніўні Ўзброеныя сілы Ўкраіны заяўлялі, што расейскія вайскоўцы застаюцца заблякаванымі на заводзе ўжо некалькі месяцаў.
  • На пачатку верасьня ўкраінскія вайскоўцы расказвалі, што Ваўчанск цяпер амаль цалкам разбураны, а ад удараў артылерыі і FPV-дронаў выгараюць вуліцы, горад пакрыты дымам.
  • Апошнім часам Сілам абароны Ўкраіны ўдалося спыніць прасоўваньне расейскіх войскаў на Харкаўшчыне, Расея адвяла частку войскаў з Харкаўскай вобласьці на Курскі напрамак. Аднак баі на гэтым напрамку працягваюцца ў населеных пунктах Глыбокае і Ваўчанск.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG