У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб правядзеньні трохдзённых камандна-штабных вучэньняў з органамі кіраваньня тэрытарыяльнай абароны Віцебскай вобласьці.
Як паведаміла прэсавая служба ведамства, вучэньні адбудуцца 27–30 верасьня пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўленьня тэрытарыяльнай абароны – намесьніка начальніка Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі.
«Асаблівая ўвага будзе накіравана на супрацьдзеяньне дывэрсійным групам праціўніка, ахове важных аб’ектаў і забесьпячэньню правапарадку на тэрыторыі вобласьці, а таксама фармаваньню атрадаў народнага апалчэньня», — адзначаецца ў паведамленьні.
У вучэньнях возьмуць удзел адказныя асобы выканкамаў і ваенкаматаў вобласьці, прадстаўнікі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў, а таксама вайсковаабавязаныя тэрытарыяльных войскаў Віцебскага і Аршанскага раёнаў.
18 верасьня камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў, што NATO «рыхтуецца да ўзброенага канфлікту»
«Няпростая абстаноўка вакол нашай дзяржавы, асабліва ў заходнім кірунку. У першую чаргу гэта зьвязана з інтэнсіўнай мілітарызацыяй эўрапейскага кантынэнту. Вельмі шмат ударнага ўзбраеньня. Відавочна, што блёк NATO рыхтуецца загадзя да ўзброенага канфлікту супраць нашых дзяржаў», — сказаў Андрэй Лук’яновіч журналістам, паведаміла прэсавая служба Мінабароны Беларусі.
Беларускі генэрал таксама дадаў, што адзіная рэгіянальная сыстэма СПА кожны тыдзень фіксуе да 40 вылетаў выведнай авіяцыі.
17 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што спэцслужбы краін Захаду разглядаюць Беларусь як «магчымае месца эскаляцыі».
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Форум