Старшыня ФРС, амэрыканскага Цэнтральнага банку, Джэром Паўэл, выступаючы пасьля таго, як Цэнтральны банк ЗША абвясьціў аб буйным зьніжэньні ставак, заявіў, што эканоміка застаецца моцнай, але ФРС хоча апярэдзіць магчымае паслабленьне рынку працы, піша «Голас Амэрыкі».
Узровень беспрацоўя, які зараз складае 4,2%, на паўпрацэнта вышэйшы, чым быў у сакавіку 2022 году, калі ФРС пачала агрэсіўную кампанію ў падвышэньні ставак.
Стаўка ФРС — гэта працэнт, пад які амэрыканскія банкі бяруць крэдыты ў Цэнтральнага банку краіны. Паніжэньньне яе стымулюе інвэстыцыі і эканамічны рост.
Дырэктар Нацыянальнай эканамічнай рады Лэйл Брэйнард, якая ўдзельнічала ў той жа тэлеканфэрэнцыі з журналістамі, заявіла, што зьніжэньне стаўкі ФРС падае «дакладны сігнал аб тым, што інфляцыя зьнізілася», адзначыўшы, што цяпер інфляцыя знаходзіцца на ўзроўні, які назіраўся за месяц да пачатку пандэміі COVID- 19.
Зьніжэньне ставак па іпатэцы, якое ўжо адбылося, зэканоміць сярэдняму пакупніку жыльля 5000 даляраў у год, а зьберажэньні павялічацца па меры далейшага зьніжэньня ставак, дадала яна. Аднак Брэйнард адзначыла, што для зьніжэньня кошту жыльля і паслуг у доглядзе дзяцей трэба далейшая праца.
Белы дом сочыць за нарастаньнем напружанасьці на Блізкім Усходзе, але ня бачыць значных рызык для больш шырокіх эканамічных пэрспэктыў, паведаміў прадстаўнік адміністрацыі, які пажадаў застацца ананімным.
Прэзыдэнт Джо Байдэн заявіў у чацьвер, што чакае ад Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы працягу зьніжэньня працэнтных ставак і паабяцаў, што яго адміністрацыя будзе працягваць працаваць над зьніжэньнем затрат простых амэрыканцаў.
Выступаючы на імпрэзе Эканамічнага клюба Вашынгтона перад 500 гасьцямі, Байдэн станоўча ахарактарызаваў палітыку сваёй адміністрацыі ў зьніжэньні інфляцыі пасьля пандэміі COVID-19 і ўварваньня Расеі ва Ўкраіну — пытаньні, якія выклікаюць трывогу сярод выбарнікаў.
«Працэнтныя стаўкі будуць зьмяншацца, і чакаецца, што яны будуць зьмяншацца далей. Гэта добра для нас», — сказаў прэзыдэнт ЗША.
Байдэн адзначыў, што ўзровень інфляцыі значна бліжэйшы да мэтавага паказчыку ФРС у 2%, назваўшы рашэньне Цэнтральнага банку ЗША аб зьніжэньні працэнтных ставак на паўпрацэнта, абвешчанае ў сераду, «добрай навіной для спажыўцоў».
«Я не збіраюся святкаваць перамогу... У нас яшчэ шмат працы», — дадаў Байдэн.
Многія эканамісты прадказвалі, што толькі рэцэсія можа спыніць высокую інфляцыю, аднак іх прагнозы пакуль не апраўдаліся. Палітыка Байдэна, накіраваная на пашырэньне ўнутранай вытворчасьці, інвэстыцыі ў чыстую энэргетыку і іншую інфраструктуру, а таксама на абмежаваньне цэнаў на лекі для пажылых людзей, дапамагла стварыць 16 мільёнаў працоўных месцаў і павысіць заробкі, паведаміў журналістам падчас тэлефоннай канфэрэнцыі кіраўнік апарату прэзыдэнта Джэф Заентс.
Апытаньні паказваюць, што амэрыканцы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя эканамічнай сытуацыяй і інфляцыяй. Віцэ-прэзідэнтка Камала Гарыс, якая стала кандыдаткай у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі пасьля таго, як Байдэн адмовіўся ад удзелу ў гонцы ў ліпені, і былы прэзыдэнт-рэспубліканец Дональд Трамп застаюцца практычна на роўных за сем тыдняў да выбараў у ЗША, прызначаных на 5 лістапада.
Паводле апытаньня Reuters/Ipsos, апублікаванага на гэтым тыдні, у Трампа ёсьць перавага ў пытаньні інфляцыі, якая дасягнула 40-гадовага максымуму пры Байдэне ў 2022 годзе. Каля 43% выбарнікаў, якія ўдзельнічалі ў апытаньні, заявілі, што Трамп, хутчэй за ўсё, «зьнізіць цэны на паўсядзённыя тавары, такія як прадукты і бэнзін», у параўнаньні з 36%, якія аддаюць перавагу палітыцы, прапанаванай Гарыс.
Форум