Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча і краіны Балтыі ўзмацнілі сваё прадстаўніцтва ў новым складзе Эўракамісіі


Уршуля фон дэр Ляен прадстаўляе новы склад Эўракамісіі. Брусэль, 17 верасьня 2024
Уршуля фон дэр Ляен прадстаўляе новы склад Эўракамісіі. Брусэль, 17 верасьня 2024

Пасьля розных затрымак прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен прадставіла 17 верасьня новы склад Эўрапейскай камісіі, зь якім мае працаваць наступныя пяць гадоў.

Калі ў двух словах, моцныя пазыцыі ў ім занялі краіны Балтыі і Польшча; іншыя цэнтральныя і ўсходнія дзяржавы — у меншай ступені. А што будзе з пашырэньнем ЭЗ — пабачым, піша эўрапейскі рэдактар Свабоды Рыкард Юзьвяк.

Відаць, што Балтыя блізкая фон дэр Ляен. Ужо раней было вядома, што былая прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас стане краўніцай замежнай палітыкі Зьвязу. Важны эканамічны партфэль атрымаў латвійскі вэтэран эўрапалітыкі Валдзіс Дамброўскіс, насуперак устойлівым чуткам, што ў бліжэйшыя гады ён будзе займацца пашырэньнем ЭЗ.

Кая Калас
Кая Калас

Былы прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс абраны на новаствораную пасаду камісара з абароны. Пакуль што, праўда, гэта можа быць пустая назва, бо абароннага бюджэту ЭЗ ня мае. Брусэль імкнуўся разьвіваць абаронную прамысловасьць кантынэнту, асабліва ў сувязі з вайной ва Ўкраіне, але пытаньне ў тым, ці імкнуцца да гэтага краіны-сябры.

Андрус Кубілюс
Андрус Кубілюс

Нарэшце, Пётр Сэрафін, правая рука польскага прэм’ера Дональда Туска, будзе адказваць за бюджэт. Гэты набор партфэляў уражвае.

Ёсьць у блёку, відавочна, і заходняя фракцыя. Іспанія будзе адказваць за ўнутраны рынак ЭЗ, Францыя — за прамысловую стратэгію, Ірляндыя атрымала юстыцыю, Люксэмбург — даходны партфэль сельскай гаспадаркі, а Італія будзе адказваць за «палітыку згуртаванасьці» — «дойную карову» ЭЗ, у рамках якой грошы пераводзяцца ад багацейшых рэгіёнаў бяднейшым. Аўстрыя, якая ўсё больш схіляецца ўправа, атрымала міграцыю і ўнутраныя справы — сапраўдны знак часу.

Румынская кандыдатка Раксана Мінцату стане адным з шасьці выканаўчых віцэ-прэзыдэнтаў. Пасада высокая, але яе сфэра адказнасьці — «людзі, навыкі і падрыхтаванасьць», паняцьце даволі расплывістае. Фон дэр Ляен зазначыла, што яна будзе адказваць за адукацыю і сацыяльныя правы — пытаньні, якія ў асноўным адносяцца да кампэтэнцыі нацыянальных урадаў, а не Брусэля.

Балгарская кандыдатка Кацярына Захарыева будзе займацца дасьледаваньнямі і інавацыямі — гэта яшчэ адна сфэра, у якой ЭЗ дзейнічае даволі нясьмела, а вугорац Олівэр Вархэлі будзе займацца здароўем, а таксама дабрабытам жывёл: гэтая сфэра набыла на эўрапейскай арэне больш вагі, асабліва пасьля пандэміі ковіду, але ўсё яшчэ ня надта шмат. Ходзяць чуткі, што абаіх могуць і скараціць, бо неўзабаве Эўрапарлямэнт пачне слуханьні кандыдатаў і, як можна чакаць, выкасуе як мінімум дваіх. Славаччына атрымала гандаль — у часы, калі набірае сілу пратэкцыянізм, Чэхія — «міжнароднае партнэрства» (што гэта значыць, ніхто дакладна ня ведае), а Харватыя мае адказваць за Паўднёвае суседзтва — іншымі словамі, за краіны Паўночнай Афрыкі, якія ня могуць быць сябрамі ЭЗ, але зь якімі блёк хоча дамаўляцца, каб прадухіліць іміграцыю зь іх.

А што з пашырэньнем? Яно рупіць шмат якім краінам, якія спадзяюцца на ўступленьне ў Эўразьвяз: гэта краіны Заходніх Балканаў, а таксама ўсходнія кандыдаты — Грузія, Малдова і Ўкраіна. Меркавалася, што пашырэньне стане для новай Эўракамісіі адным з прыярытэтаў. Вось жа, справа дасталася Славеніі ў асобе Марты Кос — адзінага кандыдата ў камісары, які яшчэ не зацьверджаны сваёй сталіцай. Прычына адкладу — раздражненьне апазыцыі ў Любляне тым, што фон дэр Ляен адхіліла першапачатковага славенскага кандыдата Томаза Весэла, бо хацела мець у сваёй камандзе больш жанчын. У такім раскладзе цяжка ўбачыць моцную падтрымку пашырэньня як палітыкі; ясна, што Ўкраіна і Малдова спадзяваліся на асобу вышэйшага ўзроўню і пажадана з больш прыязных краін Балтыі. Марта Кос будзе таксама адказваць за Ўсходняе суседзтва, гэта значыць за Азэрбайджан, Армэнію і Беларусь. Пытаньне ў тым, колькі часу застанецца гэтай тройцы.

Паколькі Кос паходзіць з былой Югаславіі, відавочна, што яна засяродзіцца на Заходніх Балканах. І ў пэўным сэнсе гэта цалкам лягічна, бо шмат якія краіны на дадзены момант прайшлі большы шлях да ЭЗ, чым Украіна і Малдова, і апошнімі гадамі яны адчувалі, што Брусэль іх трохі ігнаруе. Яна наўрад ці будзе такой кантравэрсійнай асобай, як цяперашні ўпаўнаважаны па пытаньнях пашырэньня Вугоршчыны Олівэр Вархэлі, які, відавочна, наклаў на сваю ролю вельмі вугорскую пячатку. Але па-ранейшаму адчуваецца, што ў бліжэйшыя гады пашырэнне ня будзе галоўнай справай на парадку дня ў Брусэлі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG