Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя ляўрэаты адноўленай «Мядовай прэміі» ў літаратуры


Беларускі паэт-пчаляр Мікола Папека, які аднавіў сваю «Мядовую прэмію»
Беларускі паэт-пчаляр Мікола Папека, які аднавіў сваю «Мядовую прэмію»

Сёлета былы палітвязень паэт Мікола Папека аднавіў на Беласточчыне заснаваную ім асабіста літаратурную «Мядовую прэмію» і назваў яе новых ляўрэатаў.

У 2001 годзе беларускі паэт-пчаляр Мікола Папека, які жыў на Пружаншчыне, заснаваў «Мядовую прэмію». Ляўрэат прэміі атрымліваў пуд мёду. З 2020 году прэмія не ўручалася, бо Мікола Папека быў затрыманы і асуджаны ў берасьцейскай «карагоднай справе». Цалкам адбыўшы пакараньне, Мікола Папека выйшаў на волю 17 сьнежня 2022 году і ў 2023 годзе выехаў у Польшчу.

У нядаўнім інтэрвію Свабодзе Мікола Папека расказаў, што купіў у Польшчы пчальнік, вярнуўся да пчалярства і аднавіў сваю «Мядовую прэмію».

16 верасьня Мікола Папека назваў імёны чарговых ляўрэатаў прэміі. Імі сталі паэтка Валянціна Аксак і пісьменьнік Ўладзімер Арлоў.

«Прэмія выходзіць, калі казаць пра геаграфію, трошкі далей, раней яна была пераважна берасьцейская, цяпер будзе больш пашыраная. Тут для мяне вельмі добра выглядаюць дзьве асобы, гэта муж і жонка Ўладзімер Арлоў і Валянціна Аксак. Валянціна як паэтка, а Ўладзімер вядомы і як паэт, і як празаік, і як гісторык, і як папулізатар гісторыі. Я лічу, што гэта выдатныя асобы для Мядовай прэміі», — патлумачыў свой выбар Мікола Папека ў камэнтары «Радыё Рацыя».

Мікола Папека — сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ляўрэат прэміі «Гліняны Вялес», заснавальнік штогадовай літаратурнай «Мядовай прэміі», пераможца якой атрымлівае пуд мёду.

У розныя гады сярод ляўрэатаў «Мядовай прэміі» былі такія вядомыя пісьменьнікі зь Берасцейшчыны як Алесь Каско, Мікола Купрэеў, Леанід Валасюк, Павал Ляхновіч, Мікола Пракаповіч і многія іншыя. А ў 2013 годзе 16 кіляграмаў мёду паехалі ва Ўкраіну да валынскай паэткі Ніны Горык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG