Ганна Аўчыньнікава расказала сваю гісторыю праваабарончаму цэнтру «Вясна», пасьля таго як ёй удалося зьехаць зь Беларусі.
Ганну затрымалі 23 студзеня 2024 году каля станцыі мэтро «Пралетарская» ў Менску. Яна ішла з мужам да іх машыны, а з прыпаркаванага непадалёк аўтамабіля выскачылі трое сілавікоў у цывільным. Яе адвезьлі дадому, дзе правялі ператрус. На халадзільнік, тэлевізар наклалі арышт, тэлефон і пашпарт забралі, аформілі падпіску аб нявыезьдзе.
Пасьля ператрусу Аўчыньнікаву адвезьлі ў Сьледчы камітэт Заводзкага раёну Менску. Сьледчая азнаёміла яе з матэрыяламі справы па частцы 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), па якой яна праходзіла падазраванай. Сьледчая распытвала, навошта яна адпраўляла пасылкі. Жанчына адказвала, што дапамагала сябрам сям’і. Дзяжурны адвакат, ад якога нельга было адмовіцца, казаў, што пасылкі — гэта дапамога экстрэмісцкім фармаваньням.
Сьледчая пыталася, каму яна адпраўляла пасылкі, ці адпраўляла лісты ў турмы і калёніі, хто фінансаваў пасылкі, адкуль Ганна даведвалася паштовыя адрасы, ці мае яна сувязі зь «Вясной», «Дысідэнт Бай», «Ай нід хэлп».
«Іншыя супрацоўнікі ў гэты час правяралі зьмесьціва тэлефона, у галерэі знайшлі фота, дзе быў бачны навагодні выступ Сьвятланы Ціханоўскай, некалькі фота зь Вільні. Яны пыталіся, ці ўдзельнічала я ў пратэстах, ці была побач зь месцамі пратэстаў, чым займаюся ў жыцьці. У гэты час сьледчыя паехалі да мужа, распытвалі, ці ведаў ён, чым я займаюся, як мы пазнаёміліся, узялі падпіску аб неразгалошваньні», — расказала Ганна.
26 студзеня Ганну вызвалілі з-пад варты, узялі падпіску аб нявыезьдзе і вярнулі рэчы, якія забралі, акрамя пашпарта. Пасьля вызваленьня амаль два тыдні Ганна спрабавала вярнуць свой пашпарт, але яе пасылалі з кабінэта ў кабінэт.
У сярэдзіне сакавіка 2024 году Аўчыньнікава прыняла рашэньне пакінуць Беларусь, хоць без дакумэнтаў гэта было зрабіць складана. Таму спачатку выехала сям’я. Цяпер Ганна ў бясьпецы разам зь сям’ёй і спрабуе легалізавацца ў адной з эўрапейскіх краін.
Форум