Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жыткавіцкім раёне праверылі дружыньнікаў, у выніку зьліквідавалі 17 атрадаў. У чым справа


Дружыньнікі, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Дружыньнікі, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Аказалася, што ў шэрагах дружыньнікаў былі асуджаныя за хуліганства, паведамілі ў пракуратуры Гомельскай вобласьці.

Дружыньнікаў Жыткавіцкага раёну правярала мясцовая пракуратура. Нагодай стала тое, што за першыя паўгода 2024 году ў раёне вырасла колькасьць хуліганстваў: крымінальных спраў паводле арт. 339 Крымінальнага кодэксу (Хуліганства) завялі 13 (год таму было 8), а колькасьць адміністрацыйных правапарушэньняў паводле арт. 19.1 КаАП (Дробнае хуліганства) вырасла са 108 да 113, паведамляе прэс-служба ведамства.

Разам з тым у Жыткавіцкім раёне было 44 добраахвотныя дружыны, якія мусілі ўдзельнічаць у «забесьпячэньні грамадзкага парадку, спыненьні хуліганскіх праяваў у грамадзкіх месцах».

Як выявіла пракуратура, у раённы штаб дружын уваходзілі старшыні двух ужо скасаваных сельскіх выканкамаў. Графікаў дзяжурстваў дружыны не прытрымліваліся: яны або наагул не выходзілі патруляваць вуліцы, або гэтым займаліся ня ўсе. Акрамя таго, ня ўсім дружыньнікам выдалі пасьведчаньні, значкі і нарукаўныя павязкі. Мясцовая міліцыя таксама не заўсёды дапамагала «ў навучаньні формам і мэтадам удзелу ў ахове правапарадку» і не праводзіла патрэбныя заняткі, адзначаюць у пракуратуры.

Праверка паказала, што сярод дружыньнікаў лічыліся людзі, асуджаныя па адміністрацыйным ці крымінальным артыкуле за хуліганства — у прыватнасьці, такіх выявілі ў складзе добраахвотнай дружыны пры Тураўскім гарвыканкаме. Таксама, паводле пракуратуры, сьпісы сяброў добраахвотных дружын пры арганізацыях збольшага былі неактуальнымі — у іх былі і тыя, хто ўжо не працуе.

Па выніках праверкі пракуратура ўнесла прадстаўленьне старшыні Жыткавіцкага райвыканкаму, у якім запатрабавала «забясьпечыць якаснае выкананьне добраахвотнымі дружынамі ўскладзеных на іх функцый і задач». За дапушчаныя парушэньні да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі трох чалавек.

У райвыканкаме ў выніку вырашылі зьліквідаваць 17 добраахвотных дружын, а са складу астатніх выключылі раней судзімых і прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці за дробнае хуліганства.

  • Аляксандар Лукашэнка даручыў стварыць народныя дружыны для дапамогі сілавікам у падтрыманьні грамадзкага парадку ў кастрычніку 2020 году, на фоне масавых пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі. Дружыньнікам можа стаць любы паўналетні грамадзянін краіны.
  • Яшчэ ў 2003 годзе ў Беларусі прынялі закон «Аб удзеле грамадзян у праваахоўнай дзейнасьці», у якім былі замацаваныя правы і абавязкі дружыньнікаў, а таксама «Прыкладное палажэньне аб добраахвотных атрадах», якое вызначае дзейнасьць такіх атрадаў і прынцыпы іх фармаваньня — гэта значыць, у Беларусі народныя дружыны ўзаконеныя яшчэ 20 гадоў таму. Дружыньнікі маюць правы пазаштатных супрацоўнікаў паліцыі, у тым ліку прымяняць фізычную сілу супраць правапарушальнікаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG