Новаствораны дзяржаўны «Першы інфармацыйны» тэлеканал уключаны ў абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм, паведаміла Міністэрства інфармацыі Беларусі са спасылкай на пастанову ўрада ад 11 верасьня.
Канал пачне вяшчаньне 17 верасьня. Ён створаны на базе праўладнага Агенцтва тэленавінаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі, які міжнародныя экспэрты і беларуская апазыцыя называюць адным з найважнейшых прапагандысцкіх інструмэнтаў беларускіх уладаў. Былыя журналісты АТН, якія звольніліся з каналу пасьля выбараў 2020 году, расказвалі пра наяўнасьць жорсткай цэнзуры на канале.
Таксама ў абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм уваходзяць яшчэ восем, у асноўным прапагандысцкіх, каналаў («Беларусь-1», «Беларусь-2», «Беларусь-3», АНТ, СТВ, «Россия-Беларусь», «НТВ-Беларусь», «Мір») і адзін спартыўны («Беларусь-5»).
Стварэньне новага дзяржаўнага «інфармацыйнага канала» на базе Белтэлерадыёкампаніі ў канцы чэрвеня анансавала прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, якая займалася гэтым праектам разам з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, экс-міністрам інфармацыі Ўладзімерам Пярцовым і старшынёй Белтэлерадыёкампаніі прапагандыстам Іванам Эйсмантам (муж Натальлі Эйсмант) і «пулам кіраўнікоў».
- З траўня 2022 году Аляксандар Лукашэнка ўвёў абавязковы збор з рэклямадаўцаў на падтрымку дзяржаўных СМІ: 10% — пры разьмяшчэньні вонкавай рэклямы і рэклямы на транспарце і 20% ад кошту паслуг па распаўсюджваньні рэклямы — у іншых выпадках. Таксама на фінансаваньне «вытворчасьці беларускага (нацыянальнага) кантэнту ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі» накіроўваецца 1/26 частка падатку на даданую вартасьць, які паступіў у бюджэт пры рэалізацыі паслуг перадачы дадзеных, піша «Позірк».
- Тым часам у Беларусі не спыняецца перасьлед незалежных журналістаў і блогераў. Цяпер у месцах зьняволеньня знаходзяцца 34 супрацоўнікі СМІ. Практычна ўсе незалежныя СМІ пазбавілі магчымасьці працаваць у Беларусі, іх дзейнасьць, а таксама любое супрацоўніцтва зь імі дэ-факта крыміналізаваныя пад выглядам барацьбы з «экстрэмізмам». Многія рэдакцыі за мяжой акрамя маральнага ціску з прычыны неадэкватных умоваў працы маюць матэрыяльныя цяжкасьці.
Форум