Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачаўся Тыдзень беларускай культуры. Расклад імпрэзаў


Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці ў Вільні. Архіўнае фота
Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці ў Вільні. Архіўнае фота

З 9 па 15 верасьня ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці ў Вільні праходзіць Тыдзень беларускай культуры.

Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці, які знаходзіцца на вуліцы Віленскай, 20 у Вільні (Vilniaus g. 20), апублікаваў расклад імпрэзаў, якія можна наведаць у рамках Тыдня беларускай культуры:

  • 9 верасьня, панядзелак. Прэзэнтацыя кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага».
  • 10 верасьня, аўторак. Дзень шляхетнай культуры (наведнікаў чакае міні-лекцыя пра кухню Радзівілаў, а таксама дэгустацыя дэсэртаў паводле старадаўніх рэцэптаў).
  • 11 верасьня, серада. Лекцыя Сяргея Харэўскага «Спадчына братоў Луцкевічаў» (наведнікі лекцыі даведаюцца пра гісторыю легендарнага Беларускага музэю ў Вільні, яго зборы і экспанаты, лёс і спадчыну).
  • 12 верасьня, чацьвер. Шпацыр памяці братоў Луцкевічаў, прысьвечаны 140-м угодкам з дня нараджэньня Антона і 105-й гадавіне спачыну Івана.
  • 13 верасьня, пятніца. Сяргей Дубавец прэзэнтуе свае новыя кнігі «Занзібар» і «Стагодзьдзе НН».
  • 14 верасьня, субота. На падворку Цэнтру беларускай культуры і супольнасьці правядуць кніжны кірмаш і кірмаш вырабаў народнай творчасьці, удзел возьмуць ня толькі беларусы, але і майстры самых розных нацыянальнасьцяў, будуць арганізаваныя гульні для дзяцей, квэст, аквагрым і іншыя цікавосткі, вулічная ежа).

Падчас кірмашу наведнікаў чакаюць два майстар-клясы: шляхетны чокер (удзельнікі зробяць сабе гарлячкі з выявамі вялікіх княгінь літоўскіх і беларускіх шляхцянак, даведаюцца пра іхныя лёсы, а таксама дазнаюцца, да каго зь іх падобныя самі), і торбу з набіванкай (удзельнікі навучацца рабіць набіванку і зробяць сабе торбу для пакупак з рознымі малюнкамі на свой густ).

Таксама падчас кірмашу прадвядуць вынікі конкурсу мастакоў «Жоўтыя вазы», зладзяць дранік-фэст і прэзэнтацыю выставы «Гефкер», а вулічны тэатар пакажа пастаноўку «Сцежкамі вандроўных скамарохаў».

Адмыслова запрошаныя госьці: Алесь Лютыч (гурт B.N. Бяз назвы), Алена Жалудок і Дзьмітры Есяневіч (актор Купалаўскага тэатру).

  • 15 верасьня, нядзеля: Багач (традыцыйнае сьвяткаваньне беларускага «Багача», плянуецца правядзеньне адпаведнага абраду, супольны абед са стравамі нацыянальнай кухні, падвядзеньне вынікаў вясёла-сур’ёзнай лятарэі «Багач»).

Цягам усяго тыдня ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасьці працуе фотазона «П’ем каву з братамі Луцкевічамі».

Больш падрабязныя зьвесткі па праграме будуць публікаваць у сацыяльных сетках Віленскага беларускага музэя імя Івана Луцкевіча і Цэнтру беларускай культуры й супольнасьці ў Вільні.

Уваход на імпрэзы вольны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG