Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Савету бясьпекі расказаў, колькі вайскоўцаў цяпер ля мяжы з Украінай. Лукашэнка называў у разы большыя лічбы


Аляксандар Вальфовіч, архіўнае фота
Аляксандар Вальфовіч, архіўнае фота

Дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ заявіў, што Ўкраіна трымае побач зь беларускай мяжой групоўку ў 14 тысяч вайскоўцаў. Беларуская групоўка сіл, паводле яго, у разы меншая.

«Сёньня побач з нашымі межамі, ды і ня толькі сёньня, у апошнія два гады, знаходзіцца групоўка УСУ, іншых ваенізаваных структур Украіны — каля 14 тысяч вайскоўцаў, наша групоўка каля дзяржаўнай мяжы — гэта проста сьмешна казаць, што яна пагражае бясьпецы Ўкраіны», — сказаў Вальфовіч.

Паводле яго, беларуская групоўка сіл каля ўкраінскіх межаў у разы меншая — прыкладна 4,5 тысячы вайскоўцаў.

На думку Вальфовіча, палітыка Беларусі «ніколі не была скіраваная на пагрозу каму б там ні было» і ніколі Беларусь «не выказвала нейкіх папрокаў, пагрозаў, прэтэнзіяў у адносінах да Ўкраіны».

«Мы заўсёды жылі ў міры, дружбе. І, знаходзячыся там, нашы вайскоўцы займаюцца плянавай баявой падрыхтоўкай, але не на палігонах, а ў раёнах, на ўчастках мясцовасьці, адпрацоўваючы тактычныя прыёмы, задачы, абсталёўваючы і ўдасканальваючы фартыфікацыйныя збудаваньні, нашы паўднёвыя рубяжы, не пагражаючы і не турбуючы нікога», — заявіў дзяржсакратар Савета бясьпекі Беларусі.

Падчас інтэрвію Вальфовіч таксама падкрэсьліў, што ў Беларусі «абарона Айчыны мае ўсенародны характар» і ў краіне «выбудаваная дакладная сыстэма кіраўніцтва, арганізацыі тэрытарыяльнай абароны». Пасьля гэтага дзяржсакратар Савета бясьпекі згадаў падзеі ў Курскай вобласьці Расеі, заявіўшы, што калі б у Расеі пытаньні тэрытарыяльнай абароны разглядаліся так, як у Беларусі, на ягоную думку, «тыя падзеі, якія сёньня ўспыхнулі ў Курскай вобласьці, мелі б зусім іншы характар».

У сярэдзіне жніўня Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Россия» заявіў, што Ўкраіна трымае каля межаў зь Беларусьсю больш за 120 тысяч вайскоўцаў. Таксама, паводле Лукашэнкі, Беларусь у адказ перакінула да мяжы з Украінай «амаль траціну войска дадаткова на ўзмацненьне таго, што было». Калі ўлічыць, што колькасьць беларускага войска складае каля 65 тысяч чалавек, — гэта, паводле Лукашэнкі, больш за 20 тысяч чалавек.

«Лічыце, траціну войска мы ўвялі (на тэрыторыі паблізу паўднёвай мяжы Беларусі. — Рэд.) і нават на захадзе мы правялі мабілізацыю і перакінулі на поўдзень, на палігон рыхтаваць нашы часткі», — удакладніў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG