Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт, які называе «Рускую праваслаўную царкву — Царская Імпэрыя» сэктай.
Ім прад’яўленыя абвінавачаньні ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім, стварэньні рэлігійнай арганізацыі, якая замахваецца на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў, і кіраваньні ёю. Адзін з абвінавачаных, які знаходзіцца за межамі Беларусі, абвешчаны ў вышук.
Як паведамляе Сьледчы камітэт, чальцы групоўкі выступаюць за стварэньне «трыадзінай Русі». Яны селяцца невялікімі грамадамі ў глухіх вёсках. Кіраўнікі пераконваюць пасьлядоўнікаў адмовіцца ад дакумэнтаў, сацыяльных выплатаў, мэдыцыны і разарваць усе сувязі са зьнешнім сьветам.
СК заяўляе, што з траўня 2023 году фігуранты справы арганізавалі сетку інтэрнэт-рэсурсаў па вярбоўцы новых адэптаў.
Беларускай ячэйкай групоўкі, паводле зьвестак сьледзтва, кіраваў «мітрапаліт». Ён даваў указаньні на падрыхтоўку агітацыйных матэрыялаў і напісаньне «малітваў». СК заяўляе, што падобныя групоўкі дзейнічаюць у Расеі, Украіне і Малдове.
У канцы жніўня ГУБАЗіК затрымаў 11 чальцоў групоўкі, якая была прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем.
Яе заснавальнік — двойчы судзімы ўраджэнец Казахстану Леанід Уласаў. Асноўным патрабаваньнем для ўступленьня ў арганізацыю была «клятва вернасьці да апошняй кроплі крыві імпэратару».
Форум