Лінкі ўнівэрсальнага доступу

557 тысяч эўра, сабраныя на маратоне салідарнасьці з палітвязьнямі, цалкам разьмеркавалі. Колькі людзей атрымалі дапамогу

абноўлена

Больш за 550 тысяч эўра, сабраных на онлайн-маратоне салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі «Нам ня ўсё адно!», які прайшоў у ліпені 2023 году, разьмеркавалі ў поўным аб’ёме і ў адпаведнасьці з заяўленай мэтай, паведамілі 5 верасьня арганізатары маратону.

Паводле іх, усе арганізацыі, якія сталі партнэрамі маратону, пасьпяхова прайшлі аўдыт Назіральнай рады маратону. Раней пасьпяхова прайшоў праверку фонд «21 траўня», які акумуляваў і разьмяркоўваў сродкі, сабраныя на маратоне.

Агулам падчас маратону ўдалося сабраць 557 920,73 эўра. Чыстая сума, якую перадалі ініцыятывам дапамогі палітвязьням пасьля выплаты ўсіх камісіяў, — 557 252,14 эўра.

Агулам дзякуючы маратону дапамогу атрымалі больш за 900 палітвязьняў.

Колькі грошай атрымалі розныя арганізацыі, якія займаюцца дапамогай палітвязьням (усе яны пасьпяхова прайшлі аўдыт):

  • Ініцыятыва ByHelp — 208 271,63 эўра. Таксама ў фонд ByHelp накіравалі ўсе сабраныя крыптавалютныя сродкі (эквівалентныя 12 180,51 эўра).
  • Фонд беларускай салідарнасьці BySol — 100 тысяч эўра.
  • Дабрачынны фонд «Краіна для жыцьця» — 60 тысяч эўра.
  • Беларуская асацыяцыя палітвязьняў «Да волі» — 40 тысяч эўра.
  • Беларускі Анархічны чорны крыж — 40 тысяч эўра.
  • Праваабарончая ініцыятыва дапамогі палітвязьням Dissidentby — 28 тысяч эўра.
  • Фонд дапамогі беларусам у Літве Razam — 28,8 тысячы эўра.
  • Беларуская Рада культуры — 15 тысяч эўра.
  • Дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB — 15 тысяч эўра.
  • Мэдыяпраект дапамогі беларускім палітвязьням-жанчынам «Палітвязынка» — 5 тысяч эўра.
  • Фонд мэдычнай салідарнасьці Беларусі — 5 тысяч эўра.

Як разьмяркоўваюцца сабраныя ахвяраваньні, кантралявала спэцыяльна створаная Назіральная рада, у якую ўвайшлі прадстаўнікі мэдыя і арганізатары маратону.

З рахунку разьмеркавалі і даслалі 545 071,63 эўра, або 99,9% ад сумы, якая паступіла на рахунак фонду «21 мая». Камісія склала 668,59 эўра, ці 0,1% ад сумы, унесенай на рахунак фонду «21 мая». Адпраўленыя сродкі ў крыптавалюце: 12 180,51 эўра.

Такім чынам, агульная сума, накіраваная палітзьняволеным: 557 252,14 эўра.

Цікавыя факты пра маратон

  • У зборы сродкаў паўдзельнічалі больш за 11 000 чалавек, якія зрабілі 14 655 ахвяраваньняў.
  • Частым ахвяраваньнем была сума ў 23,34 эўра як напамін пра адміністрацыйны артыкул, паводле якога часта затрымлівалі беларусаў.
  • 29 ліпеня ахвяраваньні прыходзілі кожныя 4 сэкунды, 30 ліпеня — кожныя 20–30 сэкундаў.
  • Ахвяраваньні зрабілі з 86 краінаў сьвету.
  • Топ 5 краін па суме ахвяраваньняў: Польшча — 200 563 эўра, ЗША — 89 740 эўра, Літва — 55 130 эўра, Нямеччына — 39 131 эўра, Вялікая Брытанія — 25 790 эўра.
  • Самы вялікі данат — 10 000 эўра (Вялікая Брытанія).

Онлайн-маратон салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі «Нам ня ўсё роўна!» прайшоў 29-30 ліпеня 2023 году. Гэтую маштабную акцыю збору сродкаў для беларускіх палітвязьняў і іхных сем’яў ініцыявала прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Вольга Гарбунова. Партнэрамі маратону выступілі беларускія незалежныя СМІ і праваабарончыя арганізацыі.

29 жніўня 2023 году суд у Менску прызнаў відэазапісы маратону салідарнасьці «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

3 кастрычніка 2023 году ў Беларусі завялі крымінальную справу на арганізатараў і ўдзельнікаў прамой трансьляцыі маратону паводле ч. 2 арт. 361-2 КК Рэспублікі Беларусь (за фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Падазраваныя ў справе — каля 60 чалавек зь ліку ўдзельнікаў і арганізатараў маратону.

«Мы зрабілі ўсё так празрыста, наколькі гэта магчыма. Людзі аб’ядналіся ў салідарнасьці — і гэта самае каштоўнае. Нам ня ўсё роўна, пакуль у Беларусі ёсьць хоць адзін палітвязень», — падсумавала 5 верасьня Вольга Гарбунова.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG