Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна працягвае выходзіць зь міжнародных дамоваў зь Беларусьсю


Кабінэт міністраў Украіны, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Кабінэт міністраў Украіны, архіўнае ілюстрацыйнае фота

3 верасьня Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў законапраект, які прадугледжвае спыненьне, скасаваньне ці дэнансацыю шэрагу міжнародных дамоваў Украіны зь Беларусьсю і Расеяй, а таксама дамоваў у рамках СНД, паведамляе МЗС Украіны.

У далейшым законапраект унясуць на разгляд у парлямэнт. Ён прадугледжвае спыненьне, выхад і дэнансацыю 14 міжнародных дамоваў Украіны: чатырох — зь Беларусьсю, пяці з Расеяй, а таксама пяці пагадненьняў, заключаных у рамках СНД — у ваеннай, энэргетычнай, фінансава-эканамічнай, транспартнай, сацыяльнай і мэдыцынскай сфэрах, удакладнілі ў МЗС.

Як паведаміў 3 верасьня сталы прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук, законапраектам прадугледжаны выхад Украіны з наступных дамоваў у рамках СНД:

  • аб супрацоўніцтве ў галіне вывучэньня, выведкі і выкарыстаньня мінэральна-сыравінных рэсурсаў;
  • аб узаемным заліку да агульнага працоўнага стажу і выслугу гадоў службы ў органах і ўстановах пракуратуры ў дзяржавах СНД;
  • аб мерах па папярэджаньні і спыненьні выкарыстаньня ілжывых таварных знакаў і геаграфічных указаньняў;
  • аб парадку перадачы ўзораў наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх прэкурсараў.

Акрамя гэтага, адзначыў Мельнічук, «прапануецца дэнансаваць пагадненьне аб агульных умовах і мэханізьме падтрымкі разьвіцьця вытворчай каапэрацыі прадпрыемстваў і галін СНД».

Якія менавіта дамовы зь Беларусьсю плянуе спыніць ці дэнансаваць Украіна, у паведамленьні не ўдакладняецца.

Якія яшчэ пагадненьні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна

Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне. У тым ліку:

  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях;
  • аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
  • аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
  • аб паветраных зносінах;
  • аб свабодным гандлі;
  • аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
  • аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
  • аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
  • аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
  • аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
  • аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
  • аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
  • аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
  • аб супрацы ў сфэры кіналёгіі;
  • аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
  • аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
  • аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
  • аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
  • аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
  • аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
  • аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
  • аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
  • аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.

Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны, хоць у парлямэнце пэрыядычна абмяркоўваюць гэтае пытаньне.

Афіцыйна беларускае войска ня ўдзельнічае ў поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны, аднак Аляксандар Лукашэнка дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дысьлякацыі расейскіх войскаў, а з тэрыторыі Беларусі наносілі ракетныя ўдары па Ўкраіне.

Акрамя таго, у Беларусь нібыта для аздараўленьня вывозяць дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Эўрапарлямэнт у верасьні асудзіў удзел Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны і вывазе дзяцей, заклікаўшы Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на яго арышт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG