23-гадовы беларускі паралімпіец Ягор Шчалканаў прадэманстраваў найлепшы вынік у фінале на дыстанцыі 100 мэтраў у плаваньні на сьпіне ў клясе S9 (сярод атлетаў з парушэньнем апорна-рухальнага апарату). Беларус паставіў новы рэкорд: вынік Ягора Шчалканава ў фінале склаў 1 хвіліну і 00,76 сэкунды, што на чвэрць сэкунды хутчэй за папярэдні паралімпійскі рэкорд, піша БелТА.
Тры гады таму на Гульнях у Токіё Ягор Шчалканаў быў срэбным прызэрам у гэтым відзе спорту, таксама ў яго актыве ёсьць тры мэдалі з чэмпіянатаў Эўропы.
Тым часам 20-разовы чэмпіён Паралімпійскіх гульняў беларус Ігар Бокі 3 верасьня зь вялікім адрывам перамог у фінальным заплыве на дыстанцыі 200 мэтраў комплексным плаваньнем у клясе S13 для спартоўцаў з дрэнным зрокам. Ягоны вынік у 2 хвіліны 02,03 сэкундаў стаў новым сусьветным рэкордам.
Для Ігара Бокага гэты залаты мэдаль — пяты на цяперашніх Гульнях, раней Бокі першынстваваў на стомэтроўках батэрфляем і на сьпіне, а таксама на дыстанцыях 50 і 400 м вольным стылем. Усяго ў кар’еры Ігара 21 залаты паралімпійскі мэдаль — па пяць зь Лёндана-2012, Токіё-2020 і Парыжа-2024, а таксама шэсьць па выніках Рыё-2016. Акрамя таго, у яго актыве адно срэбра Паралімпійскіх гульняў і адна бронза.
На гэты момант у актыве нэўтральных атлетаў зь Беларусі — шэсьць залатых узнагародаў на Паралімпіядзе ў Парыжы.
Сёлета беларускія спартоўцы бяруць удзел у Паралімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе ў двух відах спорту. Шасьцёра — у плаваньні, двое — у лёгкай атлетыцы.
- Плаваньне: Ігар Бокі, Яўген Кавалёнак, Дзьмітры Салей, Ягор Шчалканаў, Максім Вашкевіч і Анастасія Зудзілава.
- Лёгкая атлетыка: Лізавета Дабравольская, Уладзіслаў Грыб.
Форум