Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта правакацыя». Беларусаў Літвы папярэдзілі пра ілжывыя званкі ад імя дзяржаўных органаў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Вільні, 21 траўня 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя салідарнасьці беларусаў у Вільні, 21 траўня 2024 году

Грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Літве, тэлефануюць невядомыя, якія выдаюць сябе за супрацоўнікаў Дэпартамэнту міграцыі краіны, паведамляе Delfi са спасылкай на Дэпартамэнт міграцыі Літвы. У ведамстве папярэджваюць, што гэта правакацыя.

Паводле зьвестак Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы, невядомыя, якія выдаюць сябе за супрацоўнікаў Дэпартамэнту міграцыі, тэлефануюць беларусам у Літве і заклікаюць іх прыйсьці ў галоўны будынак Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі і запоўніць анкету. Падчас званка таксама задаюць пытаньні, зьвязаныя зь дзейнасьцю беларускай дэмакратычнай апазыцыі.

Беларусы, якія зьвярнуліся ў Дэпартамэнт міграцыі, расказалі, што ім паступалі званкі ад чалавека, які гаворыць па-літоўску і па-расейску.

У Дэпартамэнце міграцыі Літвы падкрэсьліваюць, што гэтыя званкі ілжывыя, і заклікаюць тых, каму паступілі падазроныя званкі, быць пільнымі, не ўступаць у размовы, не паддавацца на правакацыі і неадкладна паведамляць пра падобныя выпадкі ў Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы праз тэлефон +370 700 70 007 ці праз электронную пошту pranesk@vsd.lt.

  • У Літве жыве больш за 60 тысяч беларусаў, дзьве траціны зь іх пераехалі пасьля 2020 году. Апошнім часам праверкі і патрабаваньні да грамадзян Беларусі, якія хочуць застацца ў Літве, сталі больш жорсткімі. Многія адзначаюць праблемы з атрыманьнем візаў, рызыку непадаўжэньня або ануляваньня ДНЖ, прызнаньне «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» праз тое, што ў мінулым чалавек служыў у беларускім войску або працаваў у дзяржаўнай установе. У 2023 годзе «пагрозай нацыянальнай бясьпецы» палічылі больш за тысячу беларусаў, большасьці зь якіх адмовілі ў ДНЖ.
  • Апошнім часам у Літве назіраецца вялікая колькасьць правакацыяў супраць беларусаў, якія жывуць у краіне. Фальшывыя відэазвароты нібыта беларускіх вайскоўцаў, пагрозы літоўскім дэпутатам, а таксама беларусам, якія жывуць у Вільні, графіці ў горадзе, дзясяткі акаўнтаў у сацыяльных сетках, якія публікуюць псэўдагістарычныя паведамленьні пра ВКЛ, — усё гэта больш за паўгода непакоіць беларусаў у Літве і турбуе некаторых літоўцаў. У літоўскіх мэдыя гэтыя выпадкі называлі тэрмінам «літвінізм». Беларускія дэмакратычныя сілы, а таксама ўлады Літвы бачаць у гэтым сьляды працы беларускіх і расейскіх спэцслужбаў.
  • Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі заявіў, што не знайшоў арганізаваных груп літвіністаў, якія пагражаюць краіне. На думку ведамства, «такая дзейнасьць адпавядае асаблівасьцям псыха-інфармацыйных апэрацый, арганізаваных варожымі Літве дзяржавамі і накіраваных на стварэньне панікі ў грамадзтве краіны». Свабода раней выпусьціла вялікае расьсьледаваньне пра тое, хто стварае напружанасьць у беларуска-літоўскіх дачыненьнях і пры чым тут «літвінізм».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG