Увечары 30 жніўня памежнікі Беларусі знайшлі на мяжы з Латвіяй трох пабітых афганцаў ва ўзросьце ад 33 да 36 гадоў, — піша ТГ-канал Сьледчага камітэту.
Іх даставілі ў шпіталі і аказалі мэдычную дапамогу.
Афганцы нібыта распавялі, што «на тэрыторыі Латвіі іх жорстка зьбілі», у тым ліку электрашокерам, а потым прымусілі вярнуцца ў Беларусь.
Браслаўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту пачаў праверку «па факце бесчалавечнага стаўленьня да бежанцаў».
- Мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады Польшчы і краін Балтыі называюць гэта «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- Паводле праваабаронцаў Human Constanta, сама меней 116 мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу, памерлі на мяжы зь вясны 2021 году па канец сакавіка 2024 году.
- Згодна з дакладам, 90% нелегальных мігрантаў прыбывае ў Беларусь праз Расею. Гэтыя людзі першапачаткова знаходзяцца ва ўразьлівым становішчы, бо ня маюць беларускай візы, зазначаюць праваабаронцы. Таксама ў іх няма мэдычнай страхоўкі, у выніку імі «лёгка маніпуляваць». «Знаходзячыся <...> у бяспраўным становішчы», яны ідуць на мяжу з ЭЗ і рызыкуюць жыцьцём, спрабуючы яе перайсьці, гаворыцца ў дакумэнце.
- З пачатку 2024 году па 10 жніўня Польшча, Літва і Латвія спынілі 26 193 спробаў мігрантаў нелегальна трапіць у Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі — гэта на 1,9% больш, чым за такі ж леташні пэрыяд (25 709).
Форум