Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля мяжы зь Беларусьсю атрымалі раненьні два польскія жаўнеры. Што здарылася


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік каля польска-беларускай мяжы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік каля польска-беларускай мяжы

Польскія вайскоўцы, задзейнічаныя ў апэрацыі «Бясьпечнае Падляшша» па ўзмацненьні аховы мяжы зь Беларусьсю, атрымалі агнястрэльныя раненьні ў выніку няшчаснага выпадку, паведамілі ў Апэрацыйным камандаваньні польскага войска.

Інцыдэнт адбыўся паблізу населенага пункту Нова Лука ў Падляскім ваяводзтве, непадалёк ад польска-беларускай мяжы. Каля 18.45 27 жніўня «падчас перадачы зброі ў час зьмены дзяжурства былі зробленыя некантраляваныя стрэлы з табэльнай зброі», у выніку чаго вайсковец 1-га танкавага батальёна 18-й мэханізаванай дывізіі атрымаў раненьне ў нагу, а ягоны калега — у палец, паведамілі ў камандаваньні.

Ніякія трэція асобы ў інцыдэнце ня ўдзельнічалі, гаворыцца ў паведамленьні.

Вайскоўцу, параненаму ў нагу, аказалі першую мэдычную дапамогу на месцы, а потым на верталёце даставілі яго ў шпіталь у Беластоку. Стан вайскоўца стабільны, пагрозы жыцьцю няма. Другога вайскоўца пасьля аказаньня першай мэдычнай дапамогі даставілі ў шпіталь у Гайнаўку.

Абодва вайскоўцы былі задзейнічаныя ў апэрацыі «Бясьпечнае Падляшша» па ўзмацненьні аховы мяжы зь Беларусьсю.

Вайсковая жандармэрыя высьвятляе акалічнасьці і прычыны здарэньня.

  • 28 траўня 2024 году шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк быў паранены нажом на мяжы зь Беларусьсю падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар у грудзі нажом, прывязаным да палкі. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
  • 6 чэрвеня Матэвуш Сітэк памёр ад раненьня ў шпіталі Варшавы.
  • Пасьля здарэньня Польшча ўвяла на мяжы зь Беларусьсю 200-мэтровую буфэрную зону.
  • Загінулага Матэвуша Сітэка рашэньнем міністра абароны Польшчы Ўладыслава Касіняка-Камыша пасьмяротна павысілі ў званьні да старшага сяржанта, а таксама ўзнагародзілі залатым мэдалём «За заслугі ў абароне краіны».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG