Гэта вынікае з інфармацыі на партале kartoteka.by. Кампанія SayGames заснаваная ў 2017 годзе. Сузаснавальнік і гендырэктар — выпускнік БДУ Ягор Вайханскі, паведамляе «Позірк».
SayGames — адзін з самых паспяховых праектаў зь беларускімі каранямі ў стварэньні мабільных гульняў. На сайце выдаўца паведамляецца, што ён запусціў 105 гульняў, а колькасць іх спампоўваньняў па ўсім свеце ў лютым 2023 году перавысіла 4 млрд. Найбольш вядомыя з гульняў — My Little Universe і My Perfect Hotel, апошняя стала ў 2023 годзе самай пампаванай мабільнай гульнёй у сьвеце.
Кампанія мае два офісы на Кіпры (Лімасол і Пафас) і адзін у Польшчы (Варшава). У 2022 годзе яна правяла рэструктурызацыю, у выніку якой зьліквідавала беларускую юрыдычную асобу «СейГеймс». У Беларусі засталася працаваць «Кажыгульні», якая ў 2021 годзе ўвайшла ў Парк высокіх тэхналогій. Яе апэрацыйны дырэктар Дзяніс Вайханскі ў студзені 2022 году заяўляў парталу dev.by, што кампанія не збіраецца выходзіць з ПВТ. На той момант распрацоўнік мабільных гульняў працягваў наймаць супрацоўнікаў у Менску.
У жніўні 2020 году Ягор і Дзяніс Вайханскія падпісалі ліст з заклікам «спыніць любы гвалт у дачыненьні да мірных пратэстаў, спыніць зьдзекі з затрыманых, спыніць масавае выштурхоўванне людзей з краіны».
Dev.by адзначае, што, апроч SayGames, у 2024 годзе спынілі або спыняюць бізнэс у Беларусі такія распрацоўнікі мабільных гульняў, як Playtika (Ізраіль), Belka Games і Apolon (абодва — зь беларускімі каранямі).
У ліпені 2022-га заснаваны ў 1998 годзе ў Менску сусьветны распрацоўнік кампутарных гульняў Wargaming прадаў расейскаму бізнэсоўцу Маліку Хатажаеву кампаніі, якія яму належалі ў Беларусі і Расеі.
Кампанія сярод іншага распрацавала танкавы сымулятар World of Tanks — адну з самых пасьпяховых кампутарных гульняў у сьвеце.
Форум