23 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе пачнуць завочна судзіць заснавальніка «Новага зроку» Алега Каўрыгіна. Разам зь ім па справе будуць судзіць яшчэ чатырох супрацоўнікаў кампаніі: бухгальтарку, дырэктараў і галоўную мэдсястру, паведамляе «Люстэрка».
Справу будзе разглядаць судзьдзя Анастасія Папко.
«Судзіць будуць Марыну Баярчук — гэта галоўны бухгальтар, Алену Варашкевіч, фінансавага дырэктара. Аляксандар Салаўёў — гэта дырэктар прадпрыемства. Ён стаў ім ужо ў пэрыяд ліквідацыі „Новага зроку“. Нават галоўную мэдсястру Тацяну Ярмольчык абвінавацілі, — распавёў „Люстэрку“ Алег Каўрыгін. — Па вялікім рахунку, гэтую крымінальную справу я расцэньваю як палітычны перасьлед менавіта мяне. Мэта — выкрасьці сродкі і будынкі замежных інвэстараў».
Ён адзначыў, што яму «найперш шкада людзей, якія апынуліся непасрэдна ў лапах у гэтых злачынцаў» і што ён чакае традыцыйных «пакаяльных» відэа сілавікоў, у якіх іх прымусяць «прызнавацца» ў нечым на камэру і «раскайвацца ў сваіх дзеяньнях».
Галоўную бухгальтарку Марыну Баярчук абвінавачваюць паводле двух артыкулаў:
- ч. 2 арт. 243-1 («Ухіленьне ад выкананьня абавязкаў падатковага агента ў пералічэньні падаткаў, збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры»),
- ч. 2 арт. 243-3 («Ухіленьне ад выплаты страхавых унёскаў, што прывяло да шкоды ў асабліва буйным памеры»).
Тацяну Ярмольчык, Алену Варашкевіч і Аляксандра Салаўёва — таксама паводле 2 артыкулаў:
- ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-1 («Дапамаганьне ва ўхіленьні ад выкананьня абавязкаў падатковага агента ў пералічэньні падаткаў, збораў, якое пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры»);
- ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243-3 («Дапамаганьне ва ўхіленьні ад выплаты страхавых унёскаў, якое пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры»).
Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Самога заснавальніка «Новага зроку» Алега Каўрыгіна абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «распальваньні варожасьці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці» (ч. 3 арт. 130), ухіленьні ад выплаты падаткаў (ч. 2 і 3 арт. 243), незаконным захоўваньні боепрыпасаў (ч. 2 арт. 295), закліках да захопу дзяржаўнай улады і інш. з выкарыстаньнем СМІ (ч. 3 арт. 361), садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 і 2 арт. 361), распаўсюджваньні загадзя лжывых зьвестак, якія дыскрэдытуюць Беларусь (арт. 369), унясеньні лжывых зьвестак у афіцыйныя дакумэнты (ч. 4 арт. 16, ч. 1 арт. 427).
Паводле Каўрыгіна, супрацоўнікі «Новага зроку» не знаходзіліся пад вартай, але ўсе яны «былі вымушаныя працаваць са сьледзтвам „у поўным аб’ёме“».
«Яны цалкам выконвалі ўсе распараджэньні і падпісвалі пратаколы пад дыктоўку. Тых спэцыялістаў, якія адмаўляліся гаварыць няпраўду, зьмяшчалі пад арышт. І гэта не адзін чалавек», — тлумачыць бізнэсоўца.
Каўрыгін выказаў здагадку, што гэтым чацьвярым супрацоўнікам, хутчэй за ўсё, паабяцалі, што іх не асудзяць «на рэальныя тэрміны» і «ўзамен прапанавалі абгаварыць яго». Каўрыгін выказаў асьцярогу, што іх маглі ашукаць.
«Канешне, хочацца спадзявацца, што ўсё ж іх не пасадзяць, бо гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя. Многія зь іх перажылі наймацнейшы стрэс. Наколькі я ведаю, бухгальтар сур’ёзна захварэла пасьля ўсяго гэтага», — расказаў Каўрыгін.
Паводле Алега Каўрвгіна, ён сам ня здолеў наняць адваката для сваёй абароны: «ніхто за справу ня браўся», бо «мала хто хоча рызыкнуць ліцэнзіяй». З прызначаным дзяржавай абаронцам ён таксама ня меў зносін. Прынамсі, той зь ім яшчэ ня зьвязваўся. Пра дату суду Каўрыгін даведаўся ад СМІ.
- Мэдычны цэнтар «Новы зрок» пачаў працаваць у 1999 годзе, яго заснаваў беларускі прадпрымальнік Алег Каўрыгін. Усяго ў Беларусі было 5 клінік з такой назвай.
- Вясной 2023 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Беларусі заявіў, што ў клініках нібыта выплачвалі грошы супрацоўнікам у канвэртах.
- На заснавальніка Алега Каўрыгіна завялі крымінальную справу за нявыплату падаткаў.
- 27 ліпеня 2023 году Мінздароўя забрала ліцэнзію ў «Новага зроку» нібыта за падачу ў момант яе атрыманьня «падробленых дакумэнтаў зь недакладнымі зьвесткамі пра адказных асобаў, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве».
- Пяць клінік сеткі «Новы зрок» у Беларусі знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
- 19 сакавіка 2024 году Алег Каўрыгін ехаў у Беларусь, каб трапіць на суд аб адабраньні прыбытку з даходаў мэдцэнтру за 2022 год, аднак ў Польшчы яго на запыт Беларусі затрымаў Інтэрпол. Праўда, пасьля Каўрыгіна адпусьцілі.
- Цяпер Алег Каўрыгін жыве за мяжой і працуе над праектамі клінік у Вялікай Брытаніі і на Мальце. Таксама ягоныя цэнтры дзейнічаюць у Літве, Расеі, Украіне, Нарвэгіі.
Форум