Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ Расеі завяла крымінальную справу на журналіста CNN і ўкраінскіх журналістак за рэпартажы з Курскай вобласьці


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

ФСБ Расеі завяла крымінальную справу аб незаконным перасячэньні мяжы Расеі ў дачыненьні да журналіста CNN Ніка Пэйтана Ўолша і ўкраінскіх карэспандэнтак Алесі Баравік і Дыяны Буцко, якія здымалі рэпартаж у Курскай вобласьці, паведамляе «Интерфакс».

У ФСБ дадалі, што найбліжэйшым часам журналістаў абвесьцяць у міжнародны вышук.

Гэта ўжо ня першыя прадстаўнікі замежных СМІ, якія становяцца фігурантамі крымінальных спраў пасьля працы ў той частцы Курскай вобласьці Расеі, якую кантралююць Узброеныя сілы Ўкраіны.

Так, 17 жніўня ФСБ завяла крымінальную справу за незаконнае перасячэньне мяжы на журналістаў італьянскага RAI Сымонэ Траіні і Стэфанію Батыстыні. За некалькі дзён да гэтага яны апублікавалі відэарэпартаж з гораду Суджа Курскай вобласьці.

18 жніўня амэрыканская газэта The Washington Post таксама апублікавала рэпартаж з Суджы. Рэпартэры Шыван О’Грэйдзі і Тацяна Бурыянава разам з фатографам Эдам Рамам прыехалі ў горад у суправаджэньні ўкраінскіх вайскоўцаў. Яны паразмаўлялі зь мясцовым насельніцтвам, а таксама апублікавалі кадры з гораду. Расейскія праваахоўнікі пачалі праверку ў дачыненьні да журналістаў.

Расейскія прапагандысцкія СМІ пра гэтым стала працуюць на тэрыторыі захопленых раёнаў Украіны.

  • Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
  • 22 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў яшчэ пра адзін населены пункт, які ўзялі пад кантроль украінскія сілы. Раней паведамлялі, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі.
  • Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG