Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На літоўскім палігоне ў Пабрадзе прадэманстравалі ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. ФОТА


Міністар абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас на палігоне ў Пабрадзе, 22 жніўня 2024. Фота Міністэрства абароны Літвы
Міністар абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас на палігоне ў Пабрадзе, 22 жніўня 2024. Фота Міністэрства абароны Літвы

Лінія нацыянальнай абароны Літвы — частка Балтыйскай лініі абароны.

На літоўскім палігоне імя генэрала Сільвестраса Жукаўскаса прадэманстравалі першы з 27 паркаў контрамабільнасьці, якія плянуецца стварыць для ўмацаваньня мяжы зь Беларусьсю і Расеяй на выпадак агрэсіі.

Як адзначаецца на сайце Міністэрства абароны Літвы, 22 жніўня прадэманстравалі элемэнты інжынэрных перашкод для блякаваньня дарог. Парк будзе папаўняцца іншымі сродкамі перашкод.

«Прадэманстраваная сёньня інжынэрная загарода для дарог зьяўляецца адным са спосабаў перашкоды руху праціўніка. На палігоне мы таксама ўбачылі парк, які будзе ўкамплектаваны іншым інжынэрным абсталяваньнем — „вожыкі“, блёк-пасты, „зубы цмока“, калючы дрот. Усе гэтыя сродкі эфэктыўныя для спыненьня праціўніка. Пра гэта сьведчыць і досьвед Украіны», — заявіў міністар нацыянальнай абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас.

Як адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Літвы, колькасьці тэхнікі, якая будзе зьмяшчацца ў адным такім парку контрамабільнасьці, будзе дастаткова, каб перакрыць 6–8 магчымых шляхоў падыходу праціўніка, залежна ад шырыні і пакрыцьця дарог.

«У выпадку ваеннага ўварваньня варожым сілам спатрэбіцца значна больш часу і рэсурсаў для ліквідацыі інжынэрных перашкод, што дазволіць павялічыць час для падрыхтоўкі да абароны. Сродкі контрамабільнасьці зьніжаюць эфэктыўнасьць перамяшчэньня як пяхоты, так і баявой тэхнікі праціўніка. Праўда, такія перашкоды найбольш эфэктыўныя пры суправаджэньні агнём. Інжынэрныя перашкоды запавольваюць, адцягваюць, спыняюць або блякуюць рух праціўніка, каб яго можна было зьнішчыць агнём. Найбольш эфэктыўныя інжынэрныя загароды — камбінаваныя», — паведамілі ў Мінабароны Літвы.

На мяжы Літвы з Расеяй і Беларусьсю плянуюць стварыць 27 такіх паркаў контрамабільнасьці. Цягам трох гадоў на іх абсталяваньне плянуецца выдзеліць каля 17,5 мільёна эўра. Паводле інфармацыі Мінабароны Літвы, цягам 10 гадоў на набыцьцё сродкаў контрамабільнасьці можа спатрэбіцца да 600 мільёнаў эўра.

Гэтая лінія нацыянальнай абароны Літвы — частка Балтыйскай лініі абароны.

Чакаецца, што першы этап пляну будзе рэалізаваны да кастрычніка. Практычнае ўмацаваньне ўсходняй мяжы пачалося ў сакавіку.

Міністры абароны Літвы, Латвіі і Эстоніі падпісалі пагадненьне аб фармаваньні Балтыйскай лініі абароны ў студзені 2024 году.

Краіны Балтыі прынялі рашэньне ўмацоўваць усходнюю мяжу на фоне міграцыйнага крызісу і ў сьвятле патэнцыйных ваенных пагроз, якія паходзяць ад Масквы і Менску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG