Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінскі ўласьнік «Лідзкага піва» скардзіцца на фінансавыя страты ў Беларусі праз новы буйны штраф


Фінскі канцэрн Olvi, які валодае прадпрыемствам «Лідзкае піва», паскардзіўся на тое, што атрыманы раней буйны штраф у Беларусі адбіўся на ягоных фінансавых выніках.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы ўласьніка беларускага вытворцы піва, паведамляе «Люстэрка».

У першым паўгодзьдзі 2024 году аб’ём продажаў кампаніі Olvi ў Беларусі павялічыўся на 4,3%, гаворыцца ў справаздачы. Пры гэтым чыстыя продажы засталіся на ўзроўні мінулага году — 72,7 млн ​эўра. У беларускіх рублях яны вырасьлі на 12,7%, але беларускі рубель у першым паўгодзьдзі аслабеў, адзначаюць у Olvi.

У міжнароднай карпарацыі падкрэсьлілі, што «апэрацыйны вынік быў абцяжараны штрафам, накладзеным на беларускую даччыную кампанію». Сёлета зь «Лідзкага піва» спагналі ў судовым парадку яшчэ 7,9 млн беларускіх рублёў. Прычынай стаў пазоў Міністэрства культуры — «за прадпрымальніцкую дзейнасьць, якая аказвае ўзьдзеяньне на ахоўныя зоны гісторыка-культурных каштоўнасьцяў».

У 2023 годзе пасьля праверкі Камітэту дзяржкантролю «Лідзкае піва» таксама заплаціла штраф — у памеры 35,8 млн рублёў. За што прадпрыемству выпісалі штраф, роўны гадавому прыбытку, не паведамлялі.

Многія замежныя кампаніі, якія засталіся ў Беларусі, апынуліся ў складаным фінансавым становішчы, пасьля таго як у 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка абмежаваў уладальнікам замежных кампаніяў зь «недружалюбных» краінаў магчымасьці распараджацца дывідэндамі. Olvi ў сваёй справаздачы акцэнтуе на гэтым увагу:

«На працягу 2024 году былі рэалізаваныя заканадаўчыя зьмены ў дачыненьні да выплаты дывідэндаў і законаў, якія перашкаджаюць продажам кампаній. Выплата дывідэндаў за мяжу заходнімі кампаніямі была абмежаваная на 2024-2025 гады шляхам устанаўленьня палажэньняў аб максымальных сумах».

З 1 красавіка 2024 году ў Беларусі ўвялі стаўку падатку на дывідэнды ў 25% для замежных арганізацыяў, якія не ажыцьцяўляюць дзейнасьць у краіне праз сталае прадстаўніцтва, а іх офісы знаходзяцца ў «недружалюбных» краінах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG