Вярхоўная Рада Ўкраіны ратыфікавала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду (МКС).
Як паведаміла ўкраінская служба Радыё Свабода са спасылкай дэпутатаў парлямэнту, адпаведны закон пасьля «вельмі складанай дыскусіі» падтрымаў 281 дэпутат.
Прадстаўнік фракцыі «Голас» Яраслаў Жалязьняк адзначыў, што народныя дэпутаты перад галасаваньнем атрымалі лісты падтрымкі ад Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны і кіраўніка вайсковай выведкі Кірыла Буданава.
Законапраект аб ратыфікацыі Рымскага статуту ініцыяваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, 15 жніўня дакумэнт зарэгістравалі ў Вярхоўнай Радзе.
«Рымскі статут — галоўны дакумэнт работу Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе. Ён вызначае паўнамоцтвы МКС у расьсьледаваньні маштабных крымінальных злачынстваў, у тым ліку генацыду, ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці», — заявіў амбудсмэн Украіны Дзьмітро Лубінец.
Паводле яго, пасьля ратыфікацыі Ўкраіна можа карыстацца перавагамі паўнамоцнага сябра МКС, уключаць пытаньні ў парадак дня Асамблеі краін-удзельніц, мець свайго судзьдзю, удзельнічаць у пасяджэньнях і гэтак далей.
«Рымскі статут Украіна падпісала яшчэ ў 2000 годзе, але ратыфікавалі яго толькі сёньня. Гэты крок набліжае нас да ўступу ў Эўрапейскі Зьвяз. Перакананы, што гэта дапаможа Ўкраіне прыцягнуць да справядлівай адказнасьці расейцаў, якія ўчыняюць міжнародныя злачынствы на нашай зямлі», — падкрэсьліў Дзьмітро Лубінец.
Законапраект аб ратыфікацыі Рымскага статуту ініцыяваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, 15 жніўня дакумэнт зарэгістравалі ў Вярхоўнай Радзе.
- Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна па падазрэньні ў незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею. Гэта азначае, што краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, павінны арыштаваць расейскага прэзыдэнта, калі ён будзе знаходзіцца на іхнай тэрыторыі.
- Цягам 2023–2024 гадоў МКС выдаў шэсьць ордэраў на арышт прадстаўнікоў вайсковага кіраўніцтва Расеі, у тым ліку Сяргея Шайгу, Валерыя Герасімава і іншых расейскіх генэралаў.
Форум