Ад жніўня 2023 году колькасьць ІТ-кампаній зь беларускім капіталам у Польшчы вырасла на 15%, паведамляе dev.by са спасылкай на зьвесткі цэнтру эканамічнай інфармацыі Польшчы.
У статыстыцы польскага цэнтру эканамічнай інфармацыі ўлічваюцца кампаніі, у якіх адным з акцыянэраў (або фактычным бэнэфіцыярам кампаніі) зьяўляецца беларуская юрыдычная асоба або фізычная асоба зь беларускім грамадзянствам.
На канец чэрвеня 2024 году ў Польшчы было зарэгістравана 444 ІТ-кампаніі зь беларускім капіталам. Усяго ад пачатку 2024 году беларусы адкрылі больш за 30 новых арганізацый. Для параўнаньня: за ўвесь 2023 год у Польшчы зьявілася каля 100 новых ІТ-кампаній зь беларускім капіталам.
Агулам на канец чэрвеня 2024 году (апошняя абноўленая інфармацыя) у Польшчы было зарэгістравана амаль 7,1 тысячы кампаній розных відаў дзейнасьці зь беларускім капіталам, зь іх амаль 700 зарэгістраваныя сёлета.
Паводле колькасьці дзейных кампаній зь беларускім капіталам у Польшчы галіна ІТ застаецца на другім месцы пасьля аўтамабільных грузаперавозак.
Асноўныя сфэры дзейнасьці кампаніі зь беларускім капіталам у Польшчы на чэрвень 2024 году:
- Аўтамабільныя грузаперавозкі — 1117 кампаній
- ІТ (дзейнасьць, зьвязаная з праграмаваньнем) — 444
- Будаўніцтва жылых і нежылых будынкаў — 421
- Розьнічны гандаль шляхам замовы тавараў па пошце і праз Інтэрнэт — 289
- Неспэцыялізаваны аптовы гандаль — 249
- Цырульні і іншыя касмэтычныя паслугі — 195
- Аптовы і раздробны продаж легкавых аўтамабіляў і фургонаў — 187
- Іншыя будаўнічыя і аддзелачныя работы — 168
- Рэстараны і іншыя стацыянарныя прадпрыемствы харчаваньня — 165
- Рэалізацыя праектаў, зьвязаных з будаўніцтвам будынкаў — 147
Форум