Справу горадзенскага журналіста Ўладзімера Хільмановіча ў парадку «спэцвядзеньня» разьбіраў Горадзенскі абласны суд. Працэс пачаўся сёлета 29 чэрвеня, прысуд агучылі 19 жніўня.
У выніку Хільмановічу завочна прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня і 40 тысяч рублёў штрафу. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».
Тэрмін адбыцьця прысуду абвінавачанаму адлічваецца з дня яго фактычнага затрыманьня. На сёньня Ўладзімер Хільмановіч знаходзіцца ў замежжы і прыяжджаць у Беларусь бліжэйшым часам не плянуе.
У судовай пастанове па справе Хільмановіча, апублікаванай на сайце Вярхоўнага суду, нічога не гаворыцца пра сутнасьць абвінавачаньня. Адно што сярод рэчавых доказаў згаданыя «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі Хільмановіча», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы».
Самому Хільмановічу таксама дагэтуль невядома, за што канкрэтна яго асудзілі.
«Відавочна, што за маю прафэсійную дзейнасьць, але працу на які канкрэтна інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс паставілі мне ў віну, дакладна сказаць не магу», — пракамэнтаваў журналіст свой вырак.
Паводле судовага выраку здымаецца арышт зь зямельнага ўчастку ў Парэцкім сельсавеце Горадзенскага раёну і з кватэры, якая належыць жонцы Хільмановіча.
Іншую арыштаваную маёмасьць, у тым ліку кватэру журналіста ў Горадні і побытавую тэхніку, пастаноўлена прадаць дзеля кампэнсацыі грашовых спагнаньняў, накладзеных судом. На тыя ж мэты пойдуць і грашовыя сродкі ў суме 100,12 эўра, забраныя сьледчымі падчас ператрусу.
Пра тое, што супраць яго завялі крымінальную справу, Уладзімер Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 году. Тады сілавікі апісалі маёмасьць па месцы ягонай рэгістрацыі ў Горадні. Яшчэ праз тыдзень правялі ператрус у кватэры жонкі Хільмановіча, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі кампутар, старое пасьведчаньне журналіста, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канвэрты, паштоўкі, буклеты, значкі, газэты. Таксама апісалі побытавую тэхніку.
На той час Уладзімер Хільмановіч ужо два з паловай гады ня жыў у Беларусі.
Пра пачатак «спэцвядзеньня» ў дачыненьні да Хільмановіча Сьледчы камітэт паведаміў сёлета 13 сакавіка. Аднак тады ў афіцыйным паведамленьні згадваліся толькі часткі 1 і 2 артыкула 361–4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). З таго часу сьледзтва знайшло падставы для абвінавачаньня яшчэ і ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні».
Форум