Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Hill: «Цяпер самы час зноў узяць на сябе абавязаньне змагацца за справядлівасьць у Беларусі»


«Марш Свабоды» ў Менску 16 жніўня 2020 году.
«Марш Свабоды» ў Менску 16 жніўня 2020 году.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і амбасадарка ЗША ў пытаньнях глябальнага крымінальнага правасудзьдзя Бэт Ван Шаак апублікавалі артыкул аб важнасьці працягу барацьбы за справядлівасьць у Беларусі і неабходнасьці прыцягненьня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці.

Артыкул пад назвай «Справядлівасьць для Беларусі» выйшаў ва ўплывовым амэрыканскім палітычным выданьні The Hill, якое выдаецца ў Вашынгтоне.

«Аляксандр Лукашэнка, аўтарытарны лідэр Беларусі, так і ня быў прыцягнуты да адказнасьці за масавыя парушэньні правоў чалавека пасьля ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году. Гэтая беспакаранасьць, якая працягваецца да сёньня, прычыніла невымоўныя пакуты беларусам і цяпер падсілкоўвае саўдзел беларускага рэжыму ў вайне Расеі супраць Украіны».

Аўтары нагадваюць, што рэжым Лукашэнкі садзейнічаў перамяшчэньню расейскіх войскаў ва Ўкраіну і гвалтоўным перамяшчэньням і ідэалягічнай апрацоўцы ўкраінскіх дзяцей. Фактычна пішуць аўтаркі, рэжым Лукашэнкі адказны за зьверствы, зьдзейсьненыя ва Ўкраіне зь лютага 2022 году.

«Паколькі парушэньні ў Беларусі працягваюць выклікаць рэзананс далёка за межамі краіны, цяпер самы час зноў узяць на сябе абавязаньне змагацца за справядлівасьць у Беларусі», — пішуць Сьвятлана Ціханоўская і Бэт Ван Шаак і нагадваюць, што

«Пасьля ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году сотні тысяч беларусаў далучыліся да агульнанацыянальных пратэстаў, каб мірна запатрабаваць свабодных і справядлівых выбараў і павагі да правоў чалавека. Замест таго, каб прыслухацца да заклікаў народу да дэмакратыі, Лукашэнка адказаў грубай сілай. Пры падтрымцы Пуціна Лукашэнка і ягоны рэжым пачалі жорсткія рэпрэсіі тў выглядзе масавых арыштаў і катаваньнях тысяч затрыманых».

Сьвятлана Ціханоўская і Бэт Ван Шаак таксама нагадваюць, што цяпер у Беларусі маецца амаль 1400 пацьверджаных палітычных вязьняў, што з 2020 году было несправядліва затрымана як мінімум 30 000 чалавек, і што больш як 300 000 чалавек былі вымушаныя пакінуць краіну.

Таксама ў артыкуле нагадваецца, што рэжым Лукашэнкі знайшоў новыя спосабы рэпрэсій у дачыненьні да беларусаў у выгнаньні, у тым ліку шляхам перасьледу іх палітычна матываванымі завочнымі судовымі працэсамі, распродажам іх маёмасьці з аўкцыёнаў і перасьледу іх сем’яў і сяброў:

«У 2023 годзе рэжым прыпыніў консульскія паслугі за мяжой, не даўшы беларусам, якія жывуць за межамі краіны, падоўжыць пашпарты ці атрымаць праязныя дакумэнты для сваіх дзяцей і зрабіўшы практычна немагчымым захаваньне кантролю над сваімі дамамі і маёмасьцю ў Беларусі».

«Адсутнасьць адказнасьці і ўкаранёная беспакаранасьць за гэты жорсткі стан спраў зьяўляюцца ключавымі праблемамі цяперашняй сытуацыі ў краіне. Ёсьць шмат таго, што мы можам зрабіць для дасягненьня адказнасьці і справядлівасьці, нягледзячы на жорсткую ўладу Лукашэнкі», — гаворыцца ў артыкуле.

Аўтаркі прапануюць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць, незалежныя СМІ, беларусаў у выгнаньні, якія дакумэнтуюць парушэньні рэжыму.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская і Бэт Ван Шаак падкрэсьліваюць важнасьць міжнародных намаганьняў для прыцягненьня вінаватых да суду, увядзеньня санкцый супраць беларускага рэжыму і абароны правоў беларусаў за мяжой.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG