Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двум чыноўнікам пагражае да 10 гадоў турмы за няякасны рамонт дарогі Гомель – Кобрынь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

22 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля пачнецца разгляд крымінальнай справы супраць службовых асобаў дарожна-будаўнічых арганізацыяў, адказных за рамонт шашы М-10 Гомель – Кобрынь, які прывёў да шматлікіх аварыяў.

Перад судом паўстануць дырэктар ДБУ-17 ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 2 г. Гомля» Дзьмітры Лазарэнка і намесьнік генэральнага дырэктара ў будаўніцтве РУП «Гомельаўтадар» Сяргей Канакоў. Абодва фігуранты шмат гадоў працавалі на кіроўных пасадах у гэтай галіне, піша «Флагшток».

Абвінавачаньне гомельскім дарожнікам выстаўлена паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 424 ч. 3 «Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі», 427 ч. 1 «Службовая падробка» і 430 ч. 2 «Атрыманьне хабару». Максымальнае пакараньне — да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Падставай для завядзеньня справы паслужылі шматлікія аварыі на ўчастку трасы М-10 паміж Гомлем і Рэчыцай. Пракуратура паведаміла, што «падставай для праверкі сталі крытычныя выказваньні грамадзян у сетцы Інтэрнэт наконт шматлікіх ямінаў на дарожным палатне, у сувязі зь імі адбылося больш за 26 ДТЗ з мэханічнымі пашкоджаньнямі колаў транспартных сродкаў».

Як раней тлумачыла «Флагштоку» крыніца, знаёмая з ходам рамонту аўтатрасы, службовыя асобы дарожна-будаўнічых арганізацыяў аказаліся закладнікамі сыстэмы, якая склалася ў галіне:

«Кіраўніцтва падставілі. Грошы вылучылі перад пачаткам зімы — але асвоіць іх трэба было ўжо да канца 2023 году. Што пасьпелі, тое выканалі — зрабілі фрэзэраваньне, але ў актах прыйшлося паказаць і кладку асфальту. Разумелася, што фізычна працы будуць выкананыя ўвесну, калі надыдзе спрыяльнае надвор’е і будзе запушчаны асфальтавы завод».

Пакуль невядома, каму з двух фігурантаў выставілі абвінавачаньні ў хабарніцтве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG