Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што Беларусь гатовая расшыраць узаемадзеяньне «з усімі зацікаўленымі дзяржавамі на аснове ўзаемных павагі і інтарэсаў».
Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі, Віктар Хрэнін лічыць удзел Беларусі ў Х Міжнародным вайскова-тэхнічным форуме «Армія-2024», што праходзіць у Маскве, індыкатарам такой гатоўнасьці беларускага боку.
«Ва ўмовах складанай вайскова-палітычнай абстаноўкі, глябальнай нестабільнасьці і спробаў беспрэцэдэнтнага ціску на краіны, якія праводзяць уласную сувэрэнную і незалежную палітыку, форум прадстаўляе ўнікальную магчымасьць для разьвіцьця дачыненьняў паміж аднадумцамі, партнэрамі і хаўрусьнікамі», — заявіў Віктар Хрэнін.
Паводле яго, гэтыя дзяржавы маюць «унікальную магчымасьць прадэманстраваць наяўны тэхналягічны, прамысловы і абарончы патэнцыял, а таксама намеціць супольныя шляхі вырашэньня праблем у галіне забесьпячэньня нацыянальнай, рэгіянальнай і глябальнай бясьпекі».
«Прадстаўленыя на выстаўцы ўзоры ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі пераканаўча дэманструюць патэнцыял Беларусі, якая па праву ўваходзіць у лік вядучых усясьветных вытворцаў у сфэры абароны і бясьпекі», — заявіў Віктар Хрэнін.
Сёлета ў сакавіку Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблем міру (SIPRI) у сваёй справаздачы паведаміў, што доля Беларусі ў глябальным імпарце асноўных узбраеньняў у 2019–2023 гадах склала 0,5%. Усе ўзбраеньні Беларусь атрымлівала з Расеі.
Беларусь, згодна са зьвесткамі SIPRI, з 2019 году захоўвае 20-е месца ў пераліку краін — экспартэраў вайсковага ўзбраеньня.
Форум