Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўкраінскаму войску ўпершыню з восені 2023 году ўдалося захапіць ініцыятыву на полі бою.
«Украінская апэрацыя ў Курскай вобласьці прымусіла Крэмль і расейскае вайсковае камандаваньне адрэагаваць і перакінуць сілы і сродкі на той участак, куды ўкраінскія войскі нанесьлі ўдары. Расейскія войскі, аднак, як выглядае, не вялі актыўных дзеяньняў у Курскай вобласьці», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 11 жніўня.
Паводле экспэртаў, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і расейскае вайсковае камандаваньне, падобна, няправільна ацанілі, што Ўкраіне не хапае магчымасьцяў пераняць ініцыятыву. Цяпер расейцы мусяць прызнаць мяжу з Украінай на гэтым участку законнай лініяй фронту і ўлічваць патрэбы ў жывой сіле і тэхніцы для яе абароны.
У справаздачы ISW адзначаецца, што відэазапісы зь геалякацыяй за 10 і 11 жніўня сьведчаць аб прасоўваньні ўкраінскага войска на захад і паўночны захад Курскай вобласьці, хоць расейскія крыніцы пераважна заяўлялі аб «стабілізацыі сытуацыі».
«Расейскія афіцыйныя асобы прызналі, што ўкраінскія мабільныя групы прасунуліся больш чым на 25 кілямэтраў у Бялоўскі раён Курскай вобласьці ў ноч з 10 на 11 жніўня, але няма ніякіх прыкмет таго, што групы застаюцца ў гэтым раёне або што ўкраінскія сілы дзейнічаюць за непасрэднай мяжой Бялоўскага раёну. Міністэрства абароны Расеі заявіла 11 жніўня, што расейскія войскі адбілі ўкраінскую „спробу прарыву“ ў Бялоўскім раёне і што расейская авіяцыя зьнішчыла ўкраінскую тэхніку ў раёне Азёрак (прыкладна за 8 кілямэтраў ад мяжы з Сумскай вобласьцю і за 13 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Белай)», — паведамілі экспэрты ISW.
У Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што паведамленьні пра хуткія ўкраінскія манэўры ў Бялоўскім раёне сьведчаць, што расейскія сілы слаба падрыхтаваныя да адказу на наступныя прарывы Ўкраіны празь мяжу.
«Асобныя ўкраінскія мабільныя групы дасягнулі хуткіх посьпехаў і, падобна, не спрабавалі ўтрымаць тэрыторыю ў першыя дні ўварваньня Ўкраіны ў Курскую вобласьць. Сталая няздольнасьць расейскіх вайскоўцаў перадухіліць хуткія манэўры украінцаў пасьля апэрацыйнай нечаканасьці, якой украінскія сілы дасягнулі ў пачатку ўварваньня ў Курскую вобласьць, паказвае, што ўздоўж дзяржаўнай мяжы з Украінай існуюць устойліва ўразьлівыя для Расеі месцы, і іх можна выкарыстоўваць», — мяркуюць экспэрты.
Паводле іх, цяпер расейскае вайсковае кіраўніцтва канцэнтруецца на перадысьлякацыі сілаў, каб стабілізаваць непасрэдную лінію фронту ў раёне Коранева і Суджы, а ўмацаваньне пазыцыяў у іншых памежных раёнах Курскай вобласьці й іншых месцах уздоўж мяжы менш прыярытэтнае.
Нягледзячы на паведамленьні расейскіх крыніц аб уварваньні ўкраінскіх сілаў у заходнюю частку Белгарадзкай вобласьці, экспэрты пакуль ня выявілі геалякаваных доказаў гэтага.
- У Курскай вобласьці Расеі з 6 жніўня пасьля заходу ўкраінскіх вайскоўцаў на яе тэрыторыю працягваюцца баявыя дзеяньні. З 7 жніўня ў вобласьці аб’явілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых памежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі.
Форум