Напярэдадні некалькі тысяч пратэстоўцаў спынілі рух цягнікоў на цэнтральным вакзале сэрбскай сталіцы і на станцыі «Новы Бялград». Дэманстранты падышлі да чыгуначных каляінаў і заблякавалі іх.
Як паведамляе бальканская служба Радыё Свабода, паліцыя адцясьніла пратэстоўцаў шчытамі. Затрымана больш за 10 чалавек. Міністар унутраных спраў Сэрбіі Івіца Дачыч заявіў, што ўсе парушальнікі парадку будуць прыцягнутыя да суду.
Зь сярэдзіны ліпеня ў Сэрбіі праходзяць маштабныя пратэсты супраць новых плянаў здабычы літыю.
Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Сэрбіі, колькасць пратэстоўцаў у гэтыя выхадныя складала ад 24 да 27 тысяч чалавек. Златка Каканавіч, адзін з арганізатараў акцыі пратэсту, заявіў 10 жніўня, што калі ўрад не адмовіцца ад сваіх плянаў, актывісты працягнуць блякаваць чыгуначныя шляхі яшчэ ў некалькіх гарадах Сэрбіі.
У сярэдзіне ліпеня ўрад Сэрбіі падпісаў пагадненне з Эўразьвязам аб пастаўках літыю. У рамках пагадненьня быў размарожаны праект літыевага рудніка ва ўрадлівай даліне Ядар, дзе пражывае каля 18 тысяч чалавек. Паводле ацэнак, у даліне знаходзіцца 17% усіх запасаў літыю ў Эўропе. Каб пабудаваць новыя шахты, горназдабыўная кампанія Rio Tinto скупляе зямлю ў даліне разам з дамамі, а жыхарам прапануюць перасяліцца. Многія зь іх ня згодныя пакідаць родныя мясціны.
Літый мае важнае прамысловае значэньне, у тым ліку для вырабу батарэяў і акумулятараў.
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч назваў цяперашнія пратэсты палітычнымі, арганізаванымі з-за мяжы і накіраванымі супраць яго асабіста і супраць ураду. Шахту плануюць адкрыць да 2028 году.
Форум