Зьявілася новая новая мабільная праграма пад назвай «Віт!», створаная беларусамі, якая дапаможа беларусам унутры краіны і за мяжой знаёміцца і ствараць сувязі, паведамляе партал Budzma.
У Беларусі з дапамогай мабільнай праграмы можна знайсьці суразмоўцаў для практыкі беларускай мовы. Таксама ёсьць мапа установаў, дзе вас абслужаць па-беларуску. Сьпіс і мапа беларускамоўных установаў зь цягам часу будуць пашырацца.
«Калі вы жывяце за мяжой, Віт! стане вашым незаменным памочнікам у пошуку землякоў. З дапамогай гэтай праграмы вы знойдзеце беларусаў паблізу. Бацькі знойдуць сяброў для сваіх дзяцей, а дарослыя — тых, з кім цікава бавіць час разам», — паведамляюць стваральнікі праграмы.
Таксама даступныя і рамантычныя знаёмствы.
Інтэрфэйс мабільнай праграмы — цалкам на беларускай мове. Доступ да ўсіх функцыяў — бясплатны.
Мабільная праграма ўжо даступная ў App Store і Google Play.
Аўтары «Віт!» галоўнай задачай на бліжэйшчы час бачаць неабхонасьць набраць пэўную колькасьць аўдыторыі і зьвяртаюцца да самых хуткіх карыстальнікаў, якія зарэгіструюцца першымі:
«Калі ласка, не зьдзіўляйцеся, на пачатку пабачыўшы нешматлікую колькасьць людзей са свайго горада, проста трошачкі пачакайце. Таксама вы можаце паскорыць працэс, калі распаўсюдзіце інфармацыю пра „Віт!“ непасрэдна ў сваёй лякацыі.
Што будзе далей, у якім накірунку будзе рухацца праект — цалкам залежыць ад карыстальнікаў. Мы будзем зьбіраць зваротную сувязь і рэагаваць адпаведна», — адзначаюць стваральнікі.
Ідэя мабільнай праграмы нарадзілася на пачатку 2024 году, калі ў СМІ актыўна ўзгадвалася патрэба ў «беларускім Tinder». Працу над праграмай пачалі ў сярэдзіне красавіка 2024 году, і праз тры з паловай месяцы яе падрыхтавалі.
Бэта-тэставаньне праводзілі як сярод беларусаў у Беларусі, так і сярод дыяспары. Стваральнікі праграмы кажуць, што атрымалі шмат водгукаў і пажаданьняў, якія ўлічылі пры распрацоўцы канчатковай вэрсіі.
Форум