У ноч на нядзелю 11 жніўня Курск трапіў пад ракетны абстрэл. Абломкі зьбітых ракет упалі на дзевяціпавярховы жылы дом. У выніку параненыя 13 чалавек, двое зь іх — у цяжкім стане, паведаміў мэр Курска Ігар Куцак.
Паводле мэра, жыхароў дома часова разьмяшчаюць у загарадным лягеры.
Уначы 11 жніўня бесьпілётнікі атакавалі Курскую, Варонежскую, Бранскую, Арлоўскую і Белгарадзкую вобласьці Расеі. Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што агулам сіламі СПА зьбілі 35 ударных дронаў і чатыры тактычныя ракеты «Кропка-У».
У Варонежы дронамі пашкоджаныя некалькі прыватных дамоў і адміністрацыйны будынак. Каля 100 жыхароў горада засталіся без сьвятла. Пра пацярпелых не паведамляецца.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым тэлезвароце 10 жніўня ўпершыню прызнаў, што ўзброеныя сілы Ўкраіны дзейнічаюць на тэрыторыі Расеі. Ён заявіў пра «выцясьненьне вайны на тэрыторыю агрэсара».
Форум