Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На найбуйнейшым у сьвеце фэстывалі мастацтваў прэзэнтавалі арт-інсталяцыю ў гонар беларускіх палітвязьняў


Арт-інсталяцыя «Галасы, якія праціскаюцца скрозь краты». Фота: Libereco.org
Арт-інсталяцыя «Галасы, якія праціскаюцца скрозь краты». Фота: Libereco.org

Да 26 жніўня ў сталіцы Шатляндыі Эдынбургу ў рамках найбуйнейшага фэстывалю мастацтваў Fringe дэманструецца мастацкая інсталяцыя «Галасы, якія праціскаюцца скрозь краты» з імёнамі больш за 1400 беларускіх палітвязьняў, паведамляе нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя Libereco.

У двары Summerhall імёны больш за 1400 палітвязьняў вывесілі на асобных таблічках на ангельскай і беларускай мовах.

«Гэтая экспазыцыя, якая займае амаль 50 квадратных мэтраў, паказвае маштабы палітычнага прыгнёту ў Беларусі, паколькі кожная таблічка сымбалізуе гады турэмнага зьняволеньня, страчаныя надзеі, дэпрэсію, дрэннае здароўе і зламаныя жыцьці столькіх нявінных людзей. Але яна таксама сымбалізуе мужнасьць і непадпарадкаваньне тысяч беларусаў, якія не паддаліся спробам рэжыму Лукашэнкі прымусіць людзей замаўчаць і спыніць любое іншадумства», — паведамляе Libereco.

У будынку Summerhall на адной са сьценаў таксама выставілі 15 рэпрадукцый малюнкаў беларускіх палітвязьняў, якія тыя даслалі з турмы сваім сем’ям і блізкім.

Рэпрадукцыі малюнкаў беларускіх палітвязьняў. Фота: Libereco.org
Рэпрадукцыі малюнкаў беларускіх палітвязьняў. Фота: Libereco.org

«Салідарнасьць дапамагае трымацца і чакаць сваіх блізкіх зь няволі. Менавіта „Салідарнасьць“ дае зразумець, што мы не самотныя ў сваім горы. Гэта важна, бо мы адчуваем, што нас шмат. І таму мы пераможам!» — пракамэнтаваў Libereco арт-інсталяцыю адзін са сваякоў беларускіх палітвязьняў.

Эдынбургскі фэстываль мастацтваў Fringe лічыцца найбуйнейшым фэстывалем мастацтваў у сьвеце. На працягу трох тыдняў жніўня горад Эдынбург вітае творцаў з усяго сьвету ў розных відах мастацтваў — тэатар, танцы, цырк, кабарэ, дзіцячыя шоў, мюзіклы, опэра, музыка і інш.

Сёлета ў фэстывалі Fringe, які праходзіць 2-26 жніўня, удзельнічаюць прадстаўнікі 58 розных краін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG