Афіцыйна падрабязнасьці крымінальнай справы не раскрываюцца. Выданьне «База» без спасылкі на крыніцы сьцьвярджае, што палітык спрабаваў замовіць забойства свайго бізнэс-партнэра і наняў для гэтага супрацоўніка ФСБ, які знаходзіцца пад прыкрыцьцём. Забойства інсцэнавалі, і Савельеў яго аплаціў, сьцьвярджае выданьне.
Газэта «Коммерсантъ» піша, што патэнцыйны выканаўца ня быў супрацоўнікам спэцслужбы, але зьвярнуўся ў яе і дзейнічаў пад яе кантролем. Падзеі адбываліся ў 2023 годзе.
55-гадовы Савельеў — былы прэзыдэнт «Транснафты», ён 17 гадоў быў дэпутатам Дзярждумы. Ён уваходзіў у парлямэнцкую фракцыю лібэральнай партыі «Саюз правых сілаў» і быў заснавальнікам «Партыі правоў чалавека». Акрамя таго, ён быў першым намесьнікам кіраўніка думскай фракцыі «Адзінай Расеі» і вылучаўся на выбары радыкальна-правай партыяй «Радзіма».
«Коммерсантъ» паведамляў, што Савельеў блізкі да намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта РФ Сяргея Кірыенкі. Яны разам працавалі ў Ніжагародзкай вобласьці, дзе пачыналі свае кар’еры. Паводле дадзеных газэты, у пятніцу хадайніцтва аб арышце палітыка разгледзіць Басманны суд.
Савельеў адзначаны шэрагам дзяржаўных узнагарод, ён удзельнічаў у савецкім уварваньні ў Афганістан. Ён узнагароджаны ордэнамі Аляксандра Неўскага і Пашаны, двума мэдалямі «За адвагу», мэдалём ордэна «За заслугі перад Айчынай» II ступені. Савельеў уключаны ў санкцыйныя сьпісы ЗША, Эўразьвязу і іншых краін за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Форум