Сёньня аб 11.15 на старт выйшла беларуска, якая выступае за Польшчу, Марыя Жодзік. У кваліфікацыі па скачках у вышыню яна паказала вынік 1,83 мэтра і не прайшла ў паўфінал, піша Tribuna. com.
Каб прайсьці далей, трэба было трапіць у топ-12 або выканаць кваліфікацыйны стандарт у 1,97 мэтра.
Аднак па выніках свайго выступу Марыя Жодзік заняла 15-е месца.
Таксама за Польшчу выступае беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская, чые старты яшчэ наперадзе.
Таксама сёньня а 10.00 на старт выйшла беларуска Аляксандра Пятрова. Яна выступіла ў кваліфікацыі па стральбе з малакалібернага пісталета на 25 мэтраў. Пятрова паказала 22-і вынік і ня выйшла ў паўфінал.
Сёньня а 13-й па менскім часе пачалася кваліфікацыя скачкоў на батуце ў жанчын. Фінал адбудзецца ў 14:50. Беларусь прадстаўляе Віялета Бардзідоўская, якая дэбютуе на Алімпійскіх гульнях і ня мае топ-вынікаў.
Алімпійскі чэмпіён Токіё Іван Літвіновіч пачне кваліфікацыю ў 19:00. Фінал у гэтай дысцыпліне пачнецца ў 20:50.
У 21:39 пройдзе фінал у плаваньні на 200 м на сьпіне. У ім возьме ўдзел беларуска Анастасія Шкурдай, якая прабілася ўчора ў фінал з восьмым вынікам з васьмі.
Раней на Алімпійскіх гульнях у Парыжы да фіналу дайшла іншая «нэўтральная спартоўка», беларуска Аліна Змушка. У фінальным заплыве на 100 мэтраў брасам беларуска заняла 8-е месца. У паўфінале яна пабіла нацыянальны рэкорд, а вось у фінале час аказаўся горшы за ранейшы заплыў.
Зь Беларусі на гэтых гульнях выступаюць 17 спартоўцаў.
- Роварны спорт: Ганна Церах.
- Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
- Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
- Дужаньне: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў.
- Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
- Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
- Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
- Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
- Тэквандо: Георгі Гурцыеў.
Беларускія спартоўцы выступаюць на Алімпіядзе ў нэўтральным статусе. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.
Форум