На Алімпійскіх гульнях у Парыжы адбыўся гучны скандал. У 1/16 фіналу альжырская баксэрка Іманэ Хеліф за 46 сэкундаў перамагла італьянку Анджэлу Карыні. Спартоўка з Італіі адмовілася працягваць бой, атрымаўшы два моцныя ўдары.
25-гадовая прадстаўніца Альжыру раней неаднаразова абвінавачвалася ў тым, што насамрэч гэта мужчына. Раней выступленьні Іманэ Хеліф ужо выклікалі гучныя абмеркаваньні і палеміку. Баксэрская арганізацыя IBA раней адхіліла Хеліф ад удзелу ў спаборніцтвах пад сваёй эгідай.
Да мінулага чэмпіянату сьвету прадстаўніцу Альжыру не дапусьцілі, калі яна праваліла тэст на тэстастэрон, які паказаў, што біялягічны матэрыял адпавядае мужчынскім паказьнікам.
У алімпійскім баі 26-гадовая Анджэла Карыні, якая па-за спартовым жыцьцём служыць у паліцыі, праз 46 сэкундаў упала на калені і стала гучна крычаць «Гэта несправядліва! Гэта несправядліва!»
Падчас традыцыйнага абвяшчэньня пераможцы Карыні проста плакала, а затым забрала руку ў судзьдзі, адмовілася паціснуць руку Хеліф і пакінула рынг.
«Я навучаная цярпець. Але я ніколі не прымала такіх удараў. Лічу гэта незаконным. Я не здалася, я проста сказала „досыць“, была дастаткова гатовая выйсьці», — сказала расчараваная італьянка.
Трэнэр Карыні сказаў, што перад боем многія ў Італіі прасілі Анджэлу пратэставаць і не выходзіць на рынг, бо гэта вельмі небясьпечна — баксаваць супраць біялягічнага мужчыны.
Іманэ Хеліф пасьля перамогі заявіла:
«Божай воляю, гэта мая першая перамога. Бог хоча залатога мэдаля для мяне».
Ці будзе італьянская дэлегацыя падаваць пратэст на ўдзел спартоўкі, якая на жаночым першынстве сьвету не прайшла тэст на тэстастэрон, але была дапушчаная на Алімпіяду рашэньнем МАК, пакуль невядома.
Форум