«Больш за 20 беларусаў і беларусак узялі ўдзел у запісе кнігі, а таксама і сам укладальнік выданьня — Уладзіслаў Гарбацкі. Больш за 9 месяцаў працы і дзясяткі гадзін запісаў, правак ды мантажу. Нарэшце аўдыёкніга даступная для праслухоўваньня», — адзначаецца ў паведамленьні праекту «Народная аўдыёкніга», у рамках якога кнігу агучылі дзякуючы супольным намаганьням аўдыёвыдавецтва audiobooks.by, выдавецтва «Скарына» пры ўдзеле выдаўніцы аўдыёкніг Крысьціны Дробыш.
У рамках праекту абсалютна ўсе, незалежна ад досьведу і ўменьняў, могуць узяць удзел у запісе сапраўднай кнігі пад пільным кіраўніцтвам прафэсійных рэдактараў. Праект зьявіўся ў 2021 годзе. У выніку першага сэзону больш за сто ўдзельніц і ўдзельнікаў запісалі аўдыёвэрсію кнігі «Мова 404» Аліны Нагорнай.
«Мальцы выходзяць з-пад кантролю» — гэта анталёгія беларускага гей-пісьменства. Кніга сабрала ўсё, што на сёньня вядома пра гэты пляст беларускай літаратуры. У ёй упершыню прадстаўленыя пераклады п’ес беларускага драматурга Мікіты Ільінчыка, адзначаныя міжнароднымі прызамі.
Кніга рыхтавалася амаль 5 гадоў, а аўдыёвэрсія — амаль год. Паслухаць аўдыёкнігу можна па спасылцы.
На выданьне папяровай анталёгіі абвяшчалі збор сродкаў. Прэзэнтацыя адбылася на фэсьце інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 7 кастрычніка 2023 году.
Форум