Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна запатрабавала ад Расеі дакладнай інфармацыі пра сьмерць у ізалятары аднаго з абаронцаў Марыюпалю


Заблякаваны расейцамі завод «Азоўсталь» у Марыюпалі ў пачатку траўня 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Заблякаваны расейцамі завод «Азоўсталь» у Марыюпалі ў пачатку траўня 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандра Ішчанку ў траўні 2022 году вывезьлі ў Расею з заблякаванага расейцамі заводу «Азоўсталь» у выніку ўкраінска-расейскіх дамоўленасьцяў аб выхадзе ўкраінскіх вайскоўцаў з Марыюпалю.

Амбудсмэн Украіны Дзьмітро Лубінец патрабуе ад упаўнаважанай у правах чалавека Расеі Тацяны Маскальковай поўную інфармацыю аб прычынах і абставінах сьмерці ў ізалятары абаронцы Марыюпалю Аляксандра Ішчанкі.

31 ліпеня пра сьмерць украінца паведамілі расейскія СМІ, калі ў Растове пачалося чарговае пасяджэньне суда над 24 украінцамі, якіх у траўні 2022 году вывезьлі ў Расею з заблякаванага расейцамі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі ў выніку ўкраінска-расейскіх дамоўленасьцяў пра выхад украінскіх вайскоўцаў з гэтага горада. Тады Расея паведамляла, што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў.

«З тэрміновым лістом зьвярнуўся да ўпаўнаважанай у правах чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі, каб яна разабралася ў трагічнай сьмерці ваеннапалоннага, якога ўтрымліваў расейскі бок, і паведаміла мне абставіны і прычыну сьмерці Аляксандра Ішчанкі», — паведаміў Дзьмітро Лубінец.

Адначасова ён праінфармаваў пра гэты інцыдэнт Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і ААН, каб гэтыя арганізацыі зафіксавалі факт гібелі ваеннапалоннага і зьвярнулі ўвагу на ўмовы ўтрыманьня ўкраінскіх палонных абаронцаў.

Дзьмітро Лубінец паведаміў са спасылкай на дачку Аляксандра Ішчанкі, што той памёр больш за тыдзень таму. Украінцу было 55 гадоў.

Расея абвінавачвала Аляксандра Ішчанку разам з 23 іншымі абаронцамі Марыюпалю ў датычнасьці да «тэрарыстычнай арганізацыі» і «спробе гвалтоўнага захопу ўлады» на акупаванай расейскімі войскамі частцы Данецкай вобласьці. Дваіх палонных, якія таксама «фігуравалі» у гэтай справе, Украіне ўдалося абмяняць раней.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG