Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пачалі трэці этап вучэньняў нестратэгічных ядзерных сілаў. Ці далучацца да іх войскі Беларусі, пакуль невядома


Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр-М» на палігоне ў Астраханскай вобласьці. Архіўнае фота
Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр-М» на палігоне ў Астраханскай вобласьці. Архіўнае фота

Папярэднія два этапы адбыліся ў траўні і чэрвені. У іх удзельнічалі падразьдзелы Ўзброеных сіл Беларусі.

У Міністэрстве абароны Расеі пачалі трэці этап вучэньняў сіл і носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі.

«У часе вучэньняў адпрацуюць пытаньні падрыхтоўкі частак Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі да баявога прымяненьня нестратэгічнай ядзернай зброі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Згодна з паведамленьнем расейскага Мінабароны, у вучэньнях будуць задзейнічаныя ракетныя злучэньні Паўднёвай і Цэнтральнай вайсковых акруг. На іх адпрацуюць атрыманьне спэцыяльных навучальных баявых прыпасаў для ракетных комплексаў «Іскандэр-М», абсталяваньне імі ракет-носьбітаў і «скрытае прасоўваньне ў прызначаныя пазыцыйныя раёны для падрыхтоўкі да правядзеньня электронных пускаў».

У вучэньнях задзейнічаюць авіяцыю Паветрана-касьмічных сіл, каб адпрацаваць зарады самалётаў нестратэгічнай ядзернай зброяй і вылеты ў вызначаныя раёны патруляваньня.

У першым і другім этапах вучэньняў гэтыя навыкі баявога выкарыстаньня нестратэгічнай ядзернай зброі адпрацоўвалі ў частках Паўднёвай і Ленінградзкай вайсковых акруг, падразьдзелаў Паветрана-касьмічных сіл і Вайскова-марскога флёту.

У першых двух этапах, якія праводзіліся ў траўні і чэрвені, удзельнічалі падразьдзелы Беларусі — сілы і сродкі носьбітаў тактычнай ядзернай зброі з прымяненьнем штурмавікоў Су-25, апэратыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і «Палянэз»

Міністэрства абароны Беларусі пакуль не паведамляе аб удзеле беларускіх вайскоўцаў у трэцім этапе расейскіх вучэньняў. Згодна з апошнім паведамленьнем у афіцыйным Telegram-канале, 31 ліпеня праводзяцца мабілізацыйныя вучэньні з вайсковымі камісарыятамі Віцебскай вобласьці. У іх возьмуць удзел падразьдзелы Сіл спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл Беларусі.

  • 6 траўня Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб правядзеньні неўзабавае вучэньняў з тактычнай ядзернай зброяй у межах Паўднёвай вайсковай акругі ў адказ на «правакацыйныя заявы і пагрозы» Захаду. У камэнтарах амэрыканскіх чыноўнікаў гэта было названа безадказнымі паводзінамі.
  • 7 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі заявілі пра пачатак праверкі гатоўнасьці сілаў і сродкаў носьбітаў тактычнай ядзернай зброі з прымяненьнем штурмавікоў Су-25, апэратыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр» і «Палянэз».
  • Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заяўлялі, што раптоўная праверка ядзернай гатоўнасьці ў Беларусі накіраваная на ўзмацненьне кампаніі ціску Крамля на Захад дзеля зьмяншэньня дапамогі Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG