Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлін у адказ на ядзерныя пагрозы Пуціна: «Падобнымі заявамі нас не запалохаць»


Расейская крылатая ракета наземнага базаваньня 9М729, Масква, 23 студзеня 2019 году.
Расейская крылатая ракета наземнага базаваньня 9М729, Масква, 23 студзеня 2019 году.

Афіцыйны Бэрлін у панядзелак адказаў на пагрозы Ўладзіміра Пуціна аднавіць вытворчасьць ядзернай зброі сярэдняй далёкасьці, калі ЗША пацьвердзяць свой намер разьмясьціць ракеты ў Эўропе.

«Нас не запалохаць падобнымі заявамі», — заявіў на ўрадавай прэсавай канфэрэнцыі афіцыйны прадстаўнік МЗС Нямеччыны Сэбаст'ян Фішэр.

Пра гэта паведамляе DW.

10 ліпеня ЗША заявілі, што з 2026 году пачнуць разьмяшчаць у Нямеччыне ракеты далёкага радыюсу дзеяньня ў рамках падрыхтоўкі да доўгатэрміновага разгортваньня, якое ўключыць у сябе SM-6, крылатыя ракеты «Тамагаўк» і гіпэргукавую зброю, якая распрацоўваецца. У сумеснай заяве дзьвюх краінаў падкрэсьлівалася, што разгортваньне будзе ажыцьцяўляцца з мэтай прадэманстраваць прыхільнасьць да ўмацаваньня NATO і забесьпячэньня эўрапейскай абароны.

Падчас вайскова-марскога параду ў Санкт-Пецярбургу, які адбыўся ў мінулую нядзелю, прэзыдэнт Расеі прыгразіў аднавіць вытворчасьць ядзернай зброі сярэдняй далёкасьці, калі гэтыя пляны будуць рэалізаваныя.

Ён заявіў, што цяпер у Расеі «распрацоўваньне цэлага шэрагу такіх сыстэмаў знаходзіцца на завяршальнай стадыі».

«Мы прымем меры ў разгортваньні ў адказ з улікам дзеяньняў ЗША і іхных сатэлітаў у Эўропе і іншых рэгіёнах сьвету», — сказаў Пуцін.

Па словах Фішэра, «гэты тып ракет ужо даўно распрацаваны і разгорнуты Расеяй».

«Цяпер мы плянуем меры ў адказ, каб не дапусьціць ужываньня гэтай зброі супраць Нямеччыны або іншых мэтаў», — дадаў ён.

Ракеты наземнага базаваньня з радыюсам дзеяньня, які перавышае 500 кілямэтраў, былі забароненыя да 2019 году ў адпаведнасьці з Дамовай аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці (INF), падпісанай у 1987 годзе тагачасным прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і апошнім савецкім лідэрам Міхаілам Гарбачовым.

Тое пагадненьне стала першым выпадкам, калі дзьве звышдзяржавы дамовіліся аб скарачэньні сваіх ядзерных арсэналаў і зьліквідавалі цэлую катэгорыю ўзбраеньняў.

Прадстаўнікі амэрыканскай інспэкцыі на базе "Лясная" у Берасьцейскай вобласьці на наступны дзень пасьля ліквідацыі апошняй савецкай ракеты сярэдняй далёкасьці, 24 траўня 1990
Прадстаўнікі амэрыканскай інспэкцыі на базе "Лясная" у Берасьцейскай вобласьці на наступны дзень пасьля ліквідацыі апошняй савецкай ракеты сярэдняй далёкасьці, 24 траўня 1990

Апошняя савецкая ракета гэтай катэгорыі Р-12 была зьнішчаная ў Беларусі 23 траўня 1990 году на базе ліквідацыі «Лясная» пад Баранавічамі.

У 2019 годзе ЗША выйшлі з дамовы, заявіўшы, што Масква парушае яе. Пры гэтым Вашынгтон зьвярнуў увагу на распрацоўку Расеяй крылатай ракеты наземнага базаваньня 9М729, вядомай у NATO як SSC-8.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG