У Варшаве праз падазрэньне ў шпіянажы затрымалі былога супрацоўніка «Адкрытай Расеі» Ігара Рогава. Пра гэта паведаміла Sota са спасылкай на тры крыніцы ў асяродзьдзі актывіста, інфармацыю пацьвярджаюць таксама крыніцы «Настоящего времени».
Польскія сілавікі правялі ў Рогава ператрусы. Іншыя падрабязнасьці пакуль невядомыя.
У жніўні 2020 году Рогаў і яшчэ адзін супрацоўнік «Адкрытай Расеі» Арцём Важанкоў прыехалі назіраць за пратэстамі ў Менск. 11 жніўня іх затрымалі сілавікі. Дзяржаўныя СМІ Беларусі пісалі, што яны знаходзяцца ў статусе падазраваных у крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках, называлі іх правакатарамі і здымалі сюжэт з удзелам Важанкова пра замежнае ўмяшаньне.
Рогаў тады расказваў, што сілавікі пабілі яго, не давалі схадзіць у прыбіральню і папіць вады. Яго вызвалілі ў той самы дзень, а празь некалькі дзён на волю выйшаў Важанкоў. Яны змаглі пакінуць Беларусь.
Пасьля выхаду з турмы Арцём Важанкоў расказаў пра катаваньні ў менскай турме:
«Біцьцё, гвалт і катаваньні былі з боку АМАПу пры затрыманьні і ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. ...Білі, малацілі дубінкамі — тэлескапічнымі дубінкамі. Акрамя ўсяго іншага, ставілі на калені на бэтонную падлогу, прымушалі трымаць галаву дакранутай да падлогі і стаяць такім чынам дзьве гадзіны. Дранцьвее наогул усё цела, людзі рэальна стагналі ад болю. У першы дзень наагул не давалі вады, не выпускалі ў прыбіральню і прыходзілі ў гэтую закрытую тэрыторыю пабіць часам. Проста так, для задавальненьня. Яны сказалі: „Мы вас такім чынам, „твари“, перавыхоўваем“. Мы ўвесь час былі ў позе „твар у падлогу“».
Форум