У Менскім гарадзкім судзе 26 ліпеня распачынаецца закрыты суд у гучнай справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень Перамогі пад куратарствам Кіева».
Падрабязнасьці справы агучваліся ў прапагандысцкім фільме АНТ «Забойчая пасылка» сьмерці: хто і як хацеў зьдзейсьніць тэракт у Дзень Перамогі».
У справе праходзяць пяць чалавек: 24-гадовы Валер Водзін, Андрэй Грыгор’еў, 30-гадовая Вікторыя Воўчак, 25-гадовая Ганна Савачкіна і яе маці Тацяна Русак, піша «Вясна».
У віну ім ставяцца артыкулы: ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 2 арт. 289 («Акт тэрарызму»), ч. 1 арт. 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньняў, вэрбаваньне альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»), ч. 4 арт. 295 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), ч. 3 арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»), ч. 2 арт. 333-1 («Незаконнае перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Беларусі боепрыпасаў, а таксама іншых відаў узбраеньня і вайсковай тэхнікі»).
Працэс у закрытым рэжыме вядзе Сяргей Хрыпач, вядомымі сваімі жорсткімі прысудамі ў палітычных справах.
Што вядома ў справе
15 траўня 2023 году на АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм, дзе расказалі падрабязнасці справы. Там паведамлялася, што нібыта КДБ да Дня Перамогі 9 траўня 2023 году «перадухіліў тэракт пад куратарствам Кіева». Там заявілі, што выбухоўка нібыта знаходзілася ў электрычных плітах, якія даслалі затрыманым праз пасылкі. Арганізатарам акцыі назвалі 23-гадовага беларуса Валерыя Водзіна, які ваяваў ва Ўкраіне. Курʼерамі нібыта сталі маладыя людзі, якіх цяпер будуць судзіць. Заяўлялася, што ўсе затрыманыя даюць прызнальныя паказаньні.
У відэа расказалі пра тое, што пасылкі з электраплітамі, у якіх была выбухоўка, даставілі ў менскі пункт СДЭК на Каменнай Горцы 21 сакавіка 2023 году з Кіева праз Італію. 29-гадовая Вікторыя Воўчак пацьвердзіла на допыце, што яна атрымала пасылку — яе папрасіў атрымаць Валер Водзін. Студэнтка БДУ Ганна Савачкіна і яе маці Тацяна Русак узялі плітку ў Воўчак і закапалі яе на могілках у Калодзішчах. Другую плітку забраў зубны тэхнік Андрэй Грыгорʼеў і адвёз у садоўніцкае таварыства «Аўтарамонтнік 124» пад Аляхновічамі.
Начальнік Галоўнага ўпраўленьня спэцыяльных экспэртыз Уладзімір Атрашкоў заявіў, што ў плітках знаходзіліся плястычныя выбуховыя рэчывы масай каля двух кіляграмаў і электрадэнатары, якіх дастаткова, каб «сабраць некалькі выбуховых прылад».
Што цікава, у фільме таксама паказалі сябра Ганны Савачкінай Яўгена Багданенку, але яго ў гэтай справе судзіць ня будуць. Лёс яго праваабаронцам невядомы.
Форум