У Краснадарскім краі праводзяцца масавыя адключэньні электраэнэргіі, як сьцьвярджаецца, з прычыны абмежаваньня падачы электрычнасьці зь іншых рэгіёнаў і сьпякоты.
Пратэстоўцы скардзяцца, што на працягу лета сьвятло ў іх адключалі спачатку па адным разе на тыдзень, потым па тры разы. Цяпер у дамах няма электрычнасьці па 12-15 гадзін за содні, паведамляе выданьне «База». Краснадарцы крычаць: «Дайце сьвятло!». Па словах пратэстоўцаў, камунальныя службы ігнаруюць іх званкі і запыты.
З-за адсутнасьці электраэнэргіі ў некаторых дамах зьнікае і вада, бо адключаюцца помпавыя станцыі, і газ. Пры гэтым тэмпэратура ў Краснадары дасягае 40°C.
Выданьне 93.ru падлічыла, што на стыхійны мітынг выйшлі ўжо каля 200-300 чалавек.
На месца мітынгу прыехаў мэр горада Яўген Навумаў, а таксама супрацоўнікі паліцыі. На відэа з месца бачна, як сілавікі выводзяць пад рукі некалькі чалавек з натоўпу.
Улады абяцаюць забясьпечыць пастаўкі тэхнічнай вады.
Адключэньні праводзяцца і ў іншых рэгіёнах на поўдні Расеі, на Паўночным Каўказе і ў анэксаваным Крыме. Паводле зьвестак «Сыстэмнага апэратара», 16 ліпеня ў энэргасыстэме поўдня Расеі быў усталяваны абсалютны гістарычны максымум спажываньня магутнасьці — 20954 МВт, паведамляў «Інтэрфакс».
Сярод прычын, якія прывялі да піку спажываньня і адключэньняў экспэрты вылучаюць гарачыню, пік турыстычнага сэзону і падключэньне да энэргасыстэмы занятых расейскімі войскамі тэрыторый Украіны.
Форум