Мігранты з Афганістану і Этыёпіі, якія ўпалі пры спробе пералезьці агароджу на польска-беларускай мяжы, атрымаўшы пераломы, выйгралі суды супраць прадстаўнікоў Польскай памежнай службы, якія адправілі іх назад у Беларусь, паведамляе выданьне Wirtualna Polska.
Адміністрацыйны ваяводзкі суд у Беластоку прызнаў абгрунтаванай скаргу афганца, які ў ноч на 3 красавіка 2023 году пры пераадоленьні памежнай агароджы ўпаў з вышыні і атрымаў пералом ступні.
Спачатку ў польскім шпіталі яму наклалі гіпс, а потым адправілі на рэабілітацыю ў Берасьце. Польскія актывісты нібыта параілі яму падаць скаргу ў польскі адміністрацыйны суд на польскіх памежнікаў, якія вярнулі яго ў Беларусь.
Падобны выпадак адбыўся зь мігрантам з Этыёпіі: ён зламаў галёнку пры падзеньні зь лесьвіцы, прыстаўленай да памежнай агароджы. Аднак у гэтым выпадку прысуд абгрунтавалі іначай:
«Ён родам з Этыёпіі і гомасэксуал. У Этыёпіі гомасэксуальнасьць забароненая законам і караецца турэмным зьняволеньнем на тэрмін ад 1 да 15 гадоў. 12 красавіка 2023 году ён прыбыў у Маскву, а 6 траўня 2023 году раніцай ён і людзі, якіх ён сустрэў, спрабавалі трапіць у Польшчу, перайшоўшы памежны плот зь лесьвіцай», — гаворыцца ў абгрунтаваньні рашэньня суду.
У абодвух выпадках суд прызнаў, што прадстаўнікі Памежнай службы Польшчы павінны была прыняць хадайніцтва іншаземцаў аб наданьні прытулку або правесьці праверку законнасьці іх знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы. Толькі пасьля гэтага іх маглі абавязаць пакінуць Польшчу.
Суд прызнаў скаргі на дзеяньні польскіх памежных службаў абгрунтаванымі. Абодвум іншаземцам кампэнсавалі судовыя выдаткі — паводле рашэньняў, апублікаваных судом у Беластоку.
Станоўчае рашэньне адміністрацыйнага суду адкрывае іншаземцам магчымасьць атрымаць кампэнсацыю па грамадзянскім пазове, піша выданьне. У першым падобным выпадку з 2023 году трое афганцаў патрабуюць 240 тысяч злотых кампэнсацыі (больш за 60 тысяч даляраў ЗША).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году.
Форум