На Магілёўшчыне 14 ліпеня 5-гадовая дзяўчынка з мамай і цёткай накіроўваліся на электрычку да чыгуначнага прыпыначнага пункту «Тэкстыльшчык». Раптам у дарозе іх засьпела непагадзь. Ад ветру падалі дрэвы, пад адным зь якіх апынуліся жанчыны і дзяўчынка, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі.
Ад удару маці дзяўчынкі страціла прытомнасць, малую прыціснула ствалом. Другая жанчына абышлася нязначнымі ўдарамі і пачала даставаць пацярпелых з-пад дрэва, а затым выклікала «хуткую».
Дзіця памерла ў машыне хуткай дапамогі.
Раней стала вядома, што ад стыхіі ў Беларусі загінулі тры чалавекі. У кемпінгу «Клёвае месца» каля вёскі Кучкі на Вілейскім вадасховішчы 35-гадовы мужчына, дзяўчына пад Менскам, якая вярталася з пляжу, а таксама 13-гадовы хлопчык у летніку ў Рэчыцкім раёне.
Парывы ветру дасягалі 29 м/с
У МНС расказалі аб наступствах шторму ў Беларусі: з-за непагадзі ў краіне загінулі чатыры чалавекі, сярод іх двое дзяцей.
«Ад дрэў і элемэнтаў дахаў, якія ўпалі, загінулі чатыры чалавекі (з іх двое дзяцей), траўмаваныя пяць чалавек (зь іх чатыры дзіцяці)», – распавялі ратавальнікі.
Ад непагадзі пацярпелі 268 населеных пунктаў, пашкоджаныя дахі 586 дамоў, 7 абʼектаў сацкультбыту і 146 сельскагаспадарчых будынкаў.
У Мінэнерга паведамілі, што з-за непагадзі электразабесьпячэньне парушалася ў 1960 населеных пунктах краіны. Паводле зьвестак на раніцу 15 ліпеня, аднаўленчыя працы працягваюцца ў 1263 населеных пунктах.
Форум