Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэртэль заявіў, што Ўкраіна адвяла свае войскі ад мяжы зь Беларусьсю 3-4 ліпеня


Украінска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Украінска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік КДБ выступіў у разьвіьцё заяваў Аляксандра Лукашэнкі, які раней загадаў адвесьці беларускія войскі ад мяжы з Украінай.

Сытуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы цяпер спакойная, паколькі Ўкраіна яшчэ ў пачатку ліпеня вывела свае войскі, якія раней сканцэнтравала паблізу мяжы Беларусі, паведаміў старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Іван Тэртэль.

«Адзначаем, што ўкраінскі бок паводзіў сябе стрымана, а наша замежная выведка зафіксавала вывад гэтых падразьдзяленьняў з памежных з Рэспублікай Беларусь раёнаў прыкладна 3-4 ліпеня. Яны адбылі ў месцы пастаяннай дысьлякацыі», – цытуе Тэртэля агенцтва Інтэрфакс.

Паводле яго, Дзяржаўны памежны камітэт і КДБ прынялі захады рэагаваньня па ўказаньні Лукашэнкі.

«Мы неаднаразова паведамлялі пра свае асьцярогі па розных каналах. Адзначаем, што прынятыя захады былі суразмерныя сытуацыі», – сказаў ён.

«У цэлым пастаўленыя кіраўніком дзяржавы мэты перадухіліць эскаляцыю, дзейнічаць карэктна і прадэманстраваць нашу мірную пазыцыю далі жаданы эфэкт», – сказаў ён.

Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў па выніках канфэрэнцыі, арганізаванай Аляксандрам Лукашэнкам 13 ліпеня ўвечары, што беларускія войскі, разгорнутыя раней для ўмацаваньня паўднёвага ўчастку беларуска-ўкраінскай мяжы, будуць неадкладна выведзеныя, бо напружанасьць на гэтым участку аслабне.

Лукашэнка 13 ліпеня падчас наведваньня 56-га зэнітнага ракетнага палка заявіў аб «ліквідацыі напружанасьці ля мяжы з Украінай», піша БелТА.

Гэтую заяву ён зрабіў у Лунінецкім раёне:

«Цяпер у нас ускладненьняў ніякіх няма з украінцамі і, я спадзяюся, што і ня будзе».

Паводле Лукашэнкі, цяпер «не павінна быць ніякіх лішніх мерапрыемстваў». Лукашэнка таксама заявіў аб плянах абмеркаваць з Пуціным далейшыя крокі што да Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG