Аляксандар Мірскі да 2019 году ўзначальваў Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый, быў сузаснавальнікам кампаніі «Новатур». Пра арышт і суд над ім стала вядома летась: паводле вэрсіі прапагандыстаў, мужчына супрацоўнічаў з польскімі і літоўскімі спэцслужбамі. Літоўцы нібыта завэрбавалі яго яшчэ ў 2015-м. Такую вэрсію агучыў праўладны тэлеканал АНТ.
У матэрыяле на канале выкарысталі і відэа з самім абвінавачаным, які расказаў, што ў 2015 годзе прыехаў на форум у Літву і там яго нібыта апрацоўвалі супрацоўнікі Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі краіны. Яго нібыта шантажавалі, у тым ліку бізнэсам, сям’ёй. Але відэа нельга ўспрымаць за праўдзівае, бо камэнтар бралі ў чалавека за кратамі.
Мірскага асудзілі паводле артыкулу 356 КК («Здрада дзяржаве»). Яму прызначылі 7,5 года пазбаўленьня волі. Цяпер ён знаходзіцца ў ПК-22 у Івацэвічах («Ваўчыныя норы»).
Пасьля вэрбаваньня Мірскі нібыта некалькі разоў на год сустракаўся ў Літве з супрацоўнікамі мясцовых спэцслужбаў і даваў ім інфармацыю, карыстаўся сувязямі ў Нацбанку і сілавых ведамствах. Прапагандысты сьцьвярджаюць, што Мірскі перадаў літоўцам зьвестак больш як на 100 асоб.
Пазьней яго затрымаў беларускі КДБ, пры ператрусе ў яго нібыта знайшлі «замежную валюту, сродкі сувязі і зброю».
Гэта ўжо трэці прысуд за апошні тыдзень у Беларусі, вынесены ў справах за шпіянаж на карысьць Літвы. Раней былому дырэктару санаторыя Андрэю Кобелю прысудзілі 9 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве», экс-кіраўніцы службы маркетынгу Алене Раманаўскене — 6 гадоў «за агентурную дзейнасьць».
Абое нібыта таксама былі завэрбаваныя спэцслужбамі Літвы і здавалі інфармацыю пра пастаяльцаў, у тым ліку высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.
Форум