Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, які прыбыў 9 ліпеня ў ЗША, перад пачаткам саміту выказаў упэўненасьць у тым, што Ўкраіна атрымае больш сыстэмаў супрацьпаветранай абароны. У відэазвароце ўкраінскі лідэр таксама падкрэсьліў, што Кіеў дамагаецца і большай колькасьці самалётаў F-16.
«Змагаемся, каб былі. Змагаемся за дадатковыя гарантыі бясьпекі для Ўкраіны — а гэта зброя і фінансы, палітычная падтрымка. Змагаемся за неабходныя рашучыя дзеяньні Амэрыкі і Эўропы — умацаваньне нашых ваяроў», — заявіў Зяленскі.
Як чакаецца, лідэры NATO аб’явяць на сустрэчы пра пляны эўрапейскіх чальцоў арганізацыі павялічыць расходы на закупку зброі і боепрыпасаў пасьля многіх гадоў недастатковых інвэстыцыяў. Таксама чакаецца рашэньне па новым пакеце дапамогі Ўкраіне ў памеры 43 мільярды даляраў.
Старшы дырэктар у справах NATO ў Радзе нацыянальнай бясьпекі Белага дома Майк Карпэнтэр паведаміў 8 ліпеня журналістам, што саюзьнікі анансуюць новыя меры па ўмацаваньні бясьпекі Ўкраіны, уключаючы супрацьпаветраную абарону і зьнішчальнікі F-16. Але ніякіх падрабязнасьцяў Карпэнтэр не прывёў.
Высокапастаўлены прадстаўнік NATO на ўмова ананімнасьці сказаў журналістам, што нягледзячы на скарачэньне рэсурсаў Расея, верагодна, зможа падтрымліваць сваю ваенную эканоміку на працягу 3-4 гадоў. Разам з тым прадстаўнік NATO сказаў, што зараз Расеі не хапае боепрыпасаў і войскаў для пачатку буйнога наступу ва Ўкраіне, і ёй неабходна забясьпечыць значныя пастаўкі боепрыпасаў зь іншых краін, акрамя тых, што яна ўжо мае. Сярод іншага суразмоўца заявіў, што Пуцін праводзіць у Эўропе сакрэтную кампанію, якая ўключае змовы з мэтай забойства, сабатаж і падпалы, каб падарваць падтрымку Ўкраіны. Масква падобныя абвінавачваньні адмаўляе, абвінавачваючы Захад у русафобіі.
Цяперашні юбілейны саміт Паўночнаатлянтычнага саюзу, які адзначае 75 гадоў з моманту заснаваньня, праходзіць на фоне новых інтэнсіўных расейскіх бамбардаваньняў Украіны, а таксама на фоне палітычнай нявызначанасьці ў краіне, якая прымае сустрэчу лідэраў NATO. Пасьля няўдалага выступу кіраўніка Белага дома на нядаўніх прэзыдэнцкіх дэбатах узьніклі апасеньні адносна ўзросту 81-гадовага Джо Байдэна, яго шанцаў на пераабраньне прэзыдэнтам у лістападзе і здольнасьці ў далейшым кіраваць краінай.
Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская наведае Вашынгтон з 9 па 12 ліпеня 2024 году і прыме ўдзел у Публічным форуме NATO па запрашэньні генэральнага сакратара Енса Столтэнбэрга. Таксама Ціханоўская ў Вашынгтоне выступіць на шэрагу мерапрыемстваў, дзе раскажа пра бягучую сытуацыю ў Беларусі, гібрыдныя атакі рэжыму супраць Польшчы, Літвы і Латвіі, разьмяшчэньне ядзернай зброі і магчымыя сцэнары разьвіцьця падзеяў.
Форум