Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Францыі пакуль застанецца на пасадзе, нягледзячы на вынікі выбараў


Габрыель Аталь
Габрыель Аталь

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон не прыняў адстаўку прэмʼер-міністра краіны Габрыеля Аталя.

Макрон папрасіў Аталя часова застацца на пасадзе для «забесьпячэньня стабільнасьці ў краіне» пасьля парлямэнцкіх выбараў і перад Алімпіядай, якая пачнецца ў канцы ліпеня.

Па выніках другога туру парлямэнцкіх выбараў, які адбыўся 7 ліпеня, прапрэзыдэнцкая кааліцыя «Разам за рэспубліку», ядро якой — партыя Макрона і Аталя, заняла другое месца, атрымаўшы 168 месцаў з 577-і.

На першым месцы — кааліцыя левых партый «Новы народны фронт» з 182 месцамі, на трэцім — ультраправае «Нацыянальнае абʼяднаньне» з 143 месцамі.

Такі расклад не пакінуў «відавочнага шляху да фармаваньня ўраду», піша Associated Press. «Новы народны фронт», а таксама найбуйнейшы францускі прафсаюз заклікалі Макрона даць магчымасьць сфармаваць урад пераможцам.

Экспэрты прадказваюць Францыі палітычны тупік. Левыя дамаўляцца з цэнтрыстамі не зьбіраюцца, заяўляў раней іх лідэр Жан-Люк Мэляншон. Лідэрка ўльтраправых Марын Лё Пэн сказала, што «проста сядзець у фатэлі міністра» ня будзе.

Палітычныя экспэрты бачаць два выхады з тупіку: шырокая «рознакаляровая» кааліцыя па абмежаванай колькасьці пытаньняў або тэхнічны ўрад з «палітычна нэўтральных» адмыслоўцаў, якія будуць вырашаць штодзённыя праблемы да наступных выбараў. Іх паводле закону можна правесьці толькі праз год.

Напярэдадні Аталь, абвяшчаючы пра свой намер падаць у адстаўку, адзначыў, што гатовы быць прэмʼер-міністрам столькі, колькі спатрэбіцца, улічваючы Алімпіяду, якая мае адбыцца ў Парыжы і на якую прыедуць мільёны гледачоў. Прэмʼер-міністрам Францыі Аталь стаў у студзені 2024 году.

Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2022 году Макрон таксама не прыняў адстаўкі прэмʼер-міністра. Элізабэт Борн правяла на сваёй пасадзе яшчэ паўтара года (але ў яе кааліцыі была адносная большасьць), калі яе і зьмяніў Аталь, які ва ўзросьце 34 гадоў стаў самым маладым прэмʼер-міністрам краіны і першым адкрытым геем на гэтай пасадзе.

Датэрміновыя парлямэнцкія выбары ў Францыі былі прызначаныя пасьля посьпеху францускіх ультраправых на выбарах у Эўрапарлямэнт, якія адбыліся на пачатку чэрвеня 2024 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG