Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні ў два беларускія казіно прыходзілі сілавікі. Што вядома


Казыно, ілюстрацыйнае фота
Казыно, ілюстрацыйнае фота

Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведамілі выданьні «Наша Ніва» і «Люстэрка».

1 ліпеня зьявілася інфармацыя, што казіно «Опэра», разьмешчанае ў менскім гатэлі «Пэкін», часова не працуе. Паводле інфармацыі «Люстэрка», там адбыліся ператрусы. Крыніца выданьня расказала, што падчас ператрусу сілавікі «выламалі ўсе дзьверы, разьбілі камэры».

4 ліпеня «Наша Ніва» паведаміла, што на мінулым тыдні сілавікі таксама прыяжджалі ў «М1» — папулярнае сярод расейцаў казіно ў Дубровенскім раёне, якое знаходзіцца за 500 мэтраў ад мяжы з Расеяй. Сьведкі расказалі выданьню пра некалькі машын спэцназу і нібыта «дзясяткі затрыманых па эканамічным крымінальным артыкуле».

Згодна з сэрвісам kartoteka.by, без малога 50% «М1 Компані», якая валодае казіно «М1», належыць зарэгістраванай на Кіпры кампаніі «Манары лімітэд». Яна ж — уласьнік і «Геймінг груп ХО» — юрыдычнай асобы менскага казіно «Опэра»

5 ліпеня адна з супрацоўніц пацьвердзіла «Люстэрку» візыт сілавікоў у «М1» і распавяла пра падзеі ў казіно. Паводле яе, да іх 27 чэрвеня прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Супрацоўніца сьцьвярджае, што кіраўніцтва казіно «М1» загадзя ведала, што гэта можа адбыцца:

«Нам патэлефанавалі з нашага другога казіно „Опэра“, якое працуе ў менскім гатэлі „Пэкін“, — кажа суразмоўніца. — Калегі з „Опэры“ паведамілі нам пра здарэньне, папярэдзілі, што сілавікі могуць накіравацца і ў нашае казіно».

Паводле крыніцы, у момант прыходу КДБ у «М1» знаходзіліся 140 супрацоўнікаў (усяго ж у кампаніі, паводле зьвестак сэрвісу kartoteka.by, працуе 236) і «каля дзесяці гасьцей». Усіх іх сабралі ў вялікай гульнявой залі. Як распавяла супрацоўніца, сьледчыя дзеяньні працягваліся 4 гадзіны і скончыліся а 21-ай вечара.

«Сілавікі сказалі, каб ніхто не перажываў, што распачатая крымінальная справа і трэба будзе пасядзець і пачакаць, пакуль пройдуць сьледча-апэратыўныя мерапрыемствы, — распавяла супрацоўніца казіно. — Я бачыла, як затрымлівалі начальніка службы бясьпекі казіно».

Колькі чалавек затрымалі, дакладна не вядома. Паводле супрацоўніцы казіно, каля 21 гадзіны сілавікі выпусьцілі з залі спачатку гасьцей, а потым і шараговых супрацоўнікаў. Яна не выключае, што акрамя начальніка службы бясьпекі, затрымалі і некага з кіраўніцтва казіно, але сама яна гэтага ня бачыла, бо ўвесь час знаходзілася ў закрытым памяшканьні.

Паводле крыніцаў «Нашай Нівы», затрыманых у «М1» было некалькі дзясяткаў — як кіраўніцтва казіно, гэтак і супрацоўнікаў. Гасьцей з Расеі адпусьцілі.

Суразмоўцы «Нашай Нівы», кажуць, што справы «Опэры» і «М1» зьвязаныя, у абодвух выпадках фігуруюць абвінавачваньні ва ўтойваньні часткі выручкі.

Іншая крыніца «Люстэрка», якая працуе ў адным з казіно Менску, паведаміла, што ў гульнявой сфэры вельмі занепакоеныя тым, што здарылася. Паводле крыніцы, з праверкамі сілавікоў і кантралюючых органаў сутыкнуліся ня толькі «Опэра» і «М1», а таксама менскае казіно Fame, якое працуе ў гатэлі Marriott, і сталічны покерны клюб «Фішка».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG